2013-01-09 11:28:15

Кардынал Бэртонэ запрасіў дзяржавы да разумення пазіцыі Святога Пасаду


RealAudioMP3 З “найлепшымі пажаданнямі плённай працы, якія паспрыялі б развіццю ўзаемаразумення” паміж краінамі, звярнуўся да прадстаўнікоў дыпкорпусу, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ. Словы найбліжэйшага супрацоўніка Папы, сказаныя падчас урачыстай вячэры 7 студзеня, цытуе сённяшняя “L’Osservatore Romano”. Падчас кароткай прамовы кардынал падкрэсліў, што мэтай Апостальскай Сталіцы з’яўляецца “садзейнічанне інтэгральнаму дабру, духоўнаму і матэрыяльнаму, кожнага чалавека”. Ён спаслаўся на словы Пантыфіка аб патрэбе сучасных сведкаў міру, асабліва там, дзе сёння свет перажывае драматычныя канфлікты. У сувязі з гэтым, кардынал Бэртонэ адзначыў, што “умацаванне міру звязана з абаронай асноўных правоў чалавека”. Хоць гэтыя апошнія сёння занадта часта не разумеюцца правільна, калі блытаюцца з уседазволенасцю.

Кардынал Дзяржсакратар нагадаў аб заклапочанасці Бэнэдыкта XVI станам абароны жыцця ў свеце, справядлівасцю ў эканамічнай дзейнасці, якая не можа быць накіравана выключна на прыбытак, але ўлічваць чалавечую годнасць. Ён нагадаў аб цэнтральнай ролі сям’і і яе адукацыйнай місіі, а таксама місіі школ і навуковых устаноў у падрыхтоўцы будучых лідэраў. У імкненні да міру, адзначыў кардынал Дзяржсакратар, трэба “прызнаць пазітыўную ролю рэлігіі ў жыцці кожнага грамадства, замест гэтага яна часта падвяргаецца маргіналізацыі”. Не магчыма “стварыць сапраўдны мір, калі адсутнічае любая спасылка на трансцэндэнтную і аб’ектыўную ісціну”, сказаў ён на заканчэнне.







All the contents on this site are copyrighted ©.