2013-01-08 13:14:48

Папа за сем гадоў сустрэўся з усімі біскупамі свету


RealAudioMP3 Пасля больш чым сямі гадоў пантыфікату Бэнэдыкт XVI завяршыў першую серыю асабістых сустрэч са сваімі супрацоўнікамі. За час пасля ўступлення на Пасад св. Пятра ў красавіку 2005 г. ён прыняў усе біскупскія групы з цэлага свету для асабістай размовы аб “сітуацыі на месцах”. Апошняй у лістападзе стала дэлегацыя французскай біскупскай канферэнцыі, паведаміў сакратар Кангрэгацыі па справах Біскупаў, арцыбіскуп Ларэнца Балдзісэры. Вясной з прадстаўнікоў 227 італьянскіх дыяцэзій пачнецца другая серыя сустрэч.

Права Каталіцкага Касцёла прадугледжвае, што члены епіскапатаў рэгулярна павінны здзяйсняць візіт “ad limina Apostolorum” (да Апостальскіх парогаў) у Рым. Сёння ў свеце існуе 2900 каталіцкіх дыяцэзій. Звычайна такія візіты павінны адбывацца раз у пяць гадоў, але гэта не строга рэгламентавана. У той час, як члены французскага епіскапату здзейснілі падарожжа аднойчы, у лістападзе, біскупы з Папуа-Новай Гвінеі наведалі Рым два разы: у чэрвені 2005 г. і чэрвені 2012 г.

Біскупы Кітайскай Народнай Рэспублікі з-за тонкіх дыпламатычных нюансаў і нарматыўных абмежаванняў не падарожнічаюць ў Ватыкан. Таму кітайскі епіскапат падчас свайго візіту “ad limina Apostolorum” прадстаўлялі іерархі з Ганконгу і Макао ў 2008 г.

Як паведаміў арцыбіскуп Балдзісэры, рэгулярныя візіты і звязаныя з імі справаздачы ўвёў яшчэ папа Захарый у 743 г., а Сікст V пацвердзіў гэта правіла ў 1585 г. Падчас візітаў размова ідзе не толькі пра юрыдычна адміністрацыйную руціну, адзначыў ватыканскі іерарх, але пра “досвед агульнай пастырскай заклапочанасці” на розных узроўнях Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.