Святы Айцец скіраваў
відэапасланне ўдзельнікам кангрэсу ў Камбоджы, прысвечанага ІІ Ватыканскаму Сабору.
Бэнэдыкт XVI падкрэсліў выключнасць падзеі і прыняў “з задавальненнем” ініцыятыву
правядзення форуму, на якім будуць прадстаўлены першыя ў гісторыі пераклады на камбаджыйскую
мову саборных дакументаў і Катэхізісу Каталіцкага Касцёла, што “дазволіць лепш зразумець
вучэнне Касцёла”. У Год веры Святы Айцец прапанаваў камбаджыйцам звярнуцца да асобы
Езуса Хрыста, “Які ёсць пачатак і канец нашай веры”. Папа ўзгадаў прыклад веры і мужнасці
камбаджыйскага народу падчас пераследаў, што, на яго думку, “стала бясцэннай духоўнай
сілай для аднаўлення касцёльнай супольнасці” у краіне.
“Будзьце вернымі малітвам
вашых братоў і сясцёр, чыя кроў пралівалася на рысавых палях! Будзьце закваскай у
цесце вашага грамадства даючы сведчанне любові Хрыста да ўсіх, будуючы повязі братэрства
з прадстаўнікамі іншых рэлігійных традыцый, і ідучы па шляху справядлівасці і міласэрнасці”,
- звярнуўся з заклікам Бэнэдыкт XVI. “Дарагія маладыя людзі, мае сябры, якія былі
ахрышчаны ў гэтыя апошнія гады, не забывайцеся, што Касцёл – гэта ваша сям’я, яна
разлічвае на вас як на сведкаў жыцця і любові, якія вы знайшлі ў Езусе”, - дадаў Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў камбаджыйскіх семінарыстаў, святароў і кансэкраваных асоб прысвячаць
жыццё і малітвы служэнню Касцёлу. Менавіта гэта, на думку Папы, стане запрашэннем
для іншых маладых людзей аддаць сваё жыццё для служэння Богу ў святарстве і манаскім
жыцці.
Бэнэдыкт XVI запрасіў місіянераў, якія працуюць у Камбоджы, заставацца
“знакам касцёльных адносін”. “Усіх тых, хто шукае Бога”, Святы Айцец заклікаў не губляць
упэўненасці ў тым, што Хрыстус любіць кожнага і прапануе кожнаму свой спакой. Папа
запэўніў камбаджыйцаў у сваёй малітве і скіраваў да іх апостальскае благаслаўленне.