2013-01-07 13:26:26

Нунцый павінашаваў беларускіх праваслаўных ад імя Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці павіншаваў праваслаўных вернікаў з Раством Хрыстовым. Ён адзначыў, што далучаецца да пажаданняў, якія Бэнэдыкт XVI учора адрасаваў усім братам і сёстрам, што належаць да Праваслаўнай Царквы. Папскі дыпламат адзначыў, што факт прышэсця Бога на зямлю, яго ўцелаўленне, заклікае нас, хрысціян, быць “адказнымі за зямлю”, за беларускую зямлю, і гэтая адказнасць вельмі вялікая. Ён нагадаў словы папы Яна Паўла II з яго Апостальскага паслання “Святло Усходу”, у якім Пантыфік выказаў надзею, што Дух Святы прасветліць розум хрысціян, “каб сумесна ісці насустрач нашаму сучасніку, які чакае радаснай весткі. Калі на спадзяванні і пакуты свету мы дадзём прасвятляючы, жыватворчы, сумесны адказ, то сапраўды будзем садзейнічаць больш плённаму абвяшчэнню Евангелля сярод людзей нашага часу”.

“Ці не ідзе тут гаворка асаблівым чынам аб гэтай беларускай зямлі, дзе нашы традыцыі суіснуюць на працягу доўгага часу, кожная ўносячы свой уклад у дабрабыт краіны?”, - задаецца пытаннем нунцый. Ён перакананы, што калі праваслаўныя і католікі будуць разам, “захоўваючы вернасць Эмануэлю – Богу-з-намі”, іх сведчанне стане каштоўным укладам і ўзбагаціць, нягледзячы на адрозненні, культуру і жыццё Беларусі.

Арцыбіскуп Гуджэроцці адзначыў, што менавіта гэтага ён жадае праваслаўным вернікам ад імя Бэнэдыкта XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.