2013-01-06 12:20:46

Папа перад “Анёл Панскі”: народ Новага Запавету – паўсюдны (поўны тэкст)


RealAudioMP3 “Мудрацы прадстаўляюць сабой народы, цывілізацыі, культуры, рэлігіі, якія, можна сказаць, знаходзяцца на шляху да Бога, у пошуку Яго Валадарства супакою, справядлівасці, праўды і свабоды”, - сказаў 6 студзеня Бэнэдыкт XVI перад традыцыйнай нядзельнай малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра. Звяртаючы да сабраных вернікаў, Святы Айцец паразважаў аб вобразе евангельскіх мудрацоў, якія прыбылі ў сціплую бэтлеемскую пячору, каб прывітаць нованароджанага Хрыста. “Дарагія браты і сёстры! – прывітаў вернікаў Папа – Сёння мы адзначаем урачыстасць Аб’яўлення Пана, яго прадстаўлення людзям, у той час, як шматлікія Усходнія Цэрквы, паводле юліянскага календара святкуюць урачыстасць Божага Нараджэння. Гэта невялікая адметнасць, якая звязвае два моманты, паказвае, што гэта Дзіцятка, народжанае ў сціпласці бэтлеемскай пячоры, з’яўляецца святлом свету, якое накіроўвае ўсе народы. Такі падыход дае магчымасць паразважаць таксама з пункту гледжання веры: з аднаго боку, падчас Божага Нараджэння, перад Езусам, мы бачым веру Марыі, Юзэфа і пастухоў; сёння, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, мы бачым веру мудрацоў, якія прыбылі з Усходу, каб пакланіцца каралю юдэяў.

Панна Марыя, разам са сваім мужам, прадстаўляюць сабой “корань” Ізраэля, “астатак” абвешчаны прарокамі, з якога павінен быў прарасці Месія. Мудрацы прадстаўляюць сабой народы, цывілізацыі, культуры, рэлігіі, якія, можна сказаць, знаходзяцца на шляху да Бога, у пошуку Яго Валадарства супакою, справядлівасці, праўды і свабоды. Напачатку ёсць адзін цэнтр, які перш за ўсё выяўлены ў асобе Марыі, “дачкі Сіёна”: цэнтр Ізраэля, народа, які ведае і мае веру ў таго Бога, што адкрыўся Патрыярхам на працягу гісторыі. Гэта вера дасягнула свайго спаўнення ў Марыі, у поўні часу; у ёй, “шчаслівай, таму што паверыла”, Слова стала целам, Бог “з’явіўся” у свеце. Вера Марыі стала вобразам і мадэллю веры Касцёла, Народа Новага Запавету. Але гэты народ, ад самага свайго пачатку быў паўсюдным, і гэта мы бачым сёння ў асобах мудрацоў, якія прыбылі ў Бэтлеем, ідучы за святлом зоркі і ўказаннямі Святога Пісання.

Св. Леў Вялікі сцвярджаў: “Аднойчы Абрагаму было паабяцана незлічонае патомства, якое павінна было нарадзіцца не ад цела, але ад моцы веры” (Discorso 3 per l’Epifania, 1: PL 54, 240). Вера Марыі можа быць параўнана з верай Абрагама: гэта новы пачатак таго абяцання, таго нязменнага Божага плану, які сёння знаходзіць сваё поўнае спаўненне ў Езусе Хрысце. Святло Хрыста, такое чыстае і моцнае, што робіць яснай, як мову космаса, так і мову Пісанняў, і такім чынам, усе тыя, хто як мудрацы адкрытыя на праўду, могуць прызнасць яе і адправіцца сузіраць Збаўцу свету. Яшчэ казаў св. Леў: “Увайдзі, увайдзі ў сям’ю патрыярхаў вялікая колькасць людзей ... Усе народы ... няхай паклоняцца Стварыцелю сусвету, і Бог, няхай стане вядомы не толькі Юдэі, але ўсёй зямлі” (Там жа). У гэтай перспектыве мы можам убачыць таксама біскупскае пасвячэнне, якое я меў радаць здзейсніць сёння раніцай ў базыліцы св. Пятра: два новыя біскупы застануцца на службе Апостальскай Сталіцы, а іншыя два адправяцца, каб быць Папскімі прадстаўнікамі ў краінах. Памолімся за кожнага з іх, за іх служэнне, каб святло Хрыста асвятляла увесь свет”.

Пасля марыйнай малітвы Бэнэдыкт XVI нагадаў, што 6 студзеня ў Італіі адзначаецца Дзень святога дзяцінства, прысвечаны дзецям, якія задзейнічаны ў распаўсюджванні Евангелля, каб дапамагаць сваім аднагодкам і тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. “Дарагія дзеці, дзякую вам і падтрымліваю: нясіце ўсім любоў Бога!”, - пажадаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.