2013-01-05 10:03:19

Ватыканскі астраном: на шляху з евангельскімі мудрацамі


RealAudioMP3 “Самы каштоўны аўтограф напісаны на зорным небе і ў глыіні нашых сэрцаў”, - адзначыў, на старонках “L’Osservatore Romano” кіраўнік Ватыканскай абсерваторыі кс. Хасэ Фунэс. У артыкуле прымеркаваным да надыходзячага свята Аб’яўлення Пана святар расказаў аб дзейнасці ўстановы, якую ён узначальвае. На яго думку праца Ватыканскай абсерваторыі блізкая да той, якую рабілі евангельскія мудрацы, што убачыўшы на небе зорку, з далёкіх краёў адправіліся ў Бэтлеем, каб прывітаць нованароджанага Хрыста. “Касцёл яшчэ працягвае ісці з мудрацамі нашага часу. Наша місія, як ватыканскіх астраномаў, заключаецца ў тым, каб ісці разам з мудрацамі усіх эпохаў. Разам з нашымі калегамі астраномамі мы ўдзельнічаем у складаных даследваннях, энтузіазме і радасці навуковых адкрыццяў”, - падкрэсліў кс. Фунэс.

Паводле святара, на гэтым шляху не выключаецца магчымасць ісці па-за далягляды навукі. “Такім чынам астраном, які вывучае зоркі, можа па-праву спытацца, чаму існуе суствет з міліярдам галактык, а не пустка. Менавіта такога тыпу пытанні падштурхнулі мудрацоў устаць на добры шлях”, - адзначыў ватыканскі навуковец. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што навука не можа даць адказы на ўсе пытанні адносна сусвету: напрыклад на тыя якія тычацца яго сэнсу і мэты, ці варожасці або прыязнасці сусвету да чалавека. “Гэтыя адкрытыя пытанні, з’яўляюцца выдатнай адпраўной кропкай для абвяшчэння веры і абноўленай катэхізацыі стварэння”, - сказаў езуіт.

Кс. Фунэс адзначыў, што ў наш час, калі асабліва цяжка шукаць сэнс уласнага існавання ці крытычна глядзець на штодзённую рэчаіснасць, вернікі пакліканы ісці разам з тымі, хто не разумее значэння агульнай гісторыі і сваёй уласнай. Яны пакліканы слухаць аб пралемах гэтых людзей, таму што толькі пасля таго гэтага, магчыма адкрыць ім сэнс Пісання.








All the contents on this site are copyrighted ©.