2013-01-02 13:20:32

Арцыбіскуп Чэллі: Папа сам зацвярджае свае “твіты”


RealAudioMP3 Бэнэдыкт ХVI праз “Твітэр” атрымлівае шмат паведамленняў ад моладзі і пажылых людзей з усіх кантынентаў. Аб гэтым паведаміў у інтэрв’ю італьянскаму тэлевізійнаму каналу “Tgcom24” арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. Паводле слоў іерарха да Святога Айца надыходзяць твіты рознага характару. Канешне сярод іх бываюць таксама іранічныя і крытычныя. Аднак для Бэнэдыкта XVI гэта не з’яўляецца нечаканасцю. “Калі Папа выказаў жаданне ўступіць ў дыялог з сучасным чалавекам (...) існуюць рызыкі з гэтым звязаныя, якія трэба прыняць. - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Чэллі паведаміў таксама, што “твіты” для Папы рыхтуюць супрацоўнікі спецыяльнага аддзела, якія падпарадкоўваюцца Дзяржсакратарыяту, але зацвярджае кожны “твіт” Папа асабіста. “Мы верым і моцна жадаем, каб “твіты” сапраўды былі Бэнэдыкта ХVI”, - адзначыў старшыня ватыканскай дыкастэрыі. Іерарх таксама расказаў, што часам Святы Айцец не згаджаецца з прапанаванымі тэкстамі паведамленняў. Ён адзначыў, што Папа ўносіць свае праўкі ў тэкст. Гэта бачна таксама ў яго прамовах: некаторыя з іх ён піша сам, адносна іншых жадае, каб былі выказаныя яго думкі. Ратцынгер заўсёды пераглядае і зацвярджае ўсё. Калі гаворыць прамову часам адкладае тэкст і пачынае казаць ад сябе. Гэта яго стыль, гэта яго звычка”, - сказаў іерарх.

Па словах арцыбіскупа Чэллі, Папа ўвайшоўшы ў тое камунікацыйнае асяроддзе, якім з’яўляюцца сацыяльныя сеткі, імкнецца выкарыстоўваць новую мову, якую патрабуюць сучасныя тэхналогіі. Ён расказаў, што раней, шмат увагі звярталася на змест паведамленняў Святога Айца, а сёння таксама важная ўвага надаецца падбору слоў, каб патлумачыць пэўныя пазіцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.