2013-01-01 12:22:43

Папа перад “Анёл Панскі”: міратворцы дазваляюць свету ўзрастаць паводле Божага плана (поўны тэкст)


RealAudioMP3 “Хто такія міратворцы? Гэта ўсе тыя, хто дзень за днём, імкнуцца перамагаць зло дабром, сілай праўды, збояй малітвы і прабачэння, шляхетна і добра зробленай працай, навуковымі даследваннямі на карысць жыцця, учынкамі духоўнай і цялеснай міласэрнасці. Міратворцы шматлікія – але яны не робяць шуму”, - з такімі словамі звярнуўся Бэнэдыкт XVI да вернікаў сабраных на плошчы св. Пятра 1 студзеня, каб разам са Святым Айцом памаліцца першай у гэтым годзе малітвай “Анёл Панскі”. “Дарагія браты і сёстры! - звярнуўся да вернікаў Папа. У гэты першы дзень 2013 г. я хачу ўдзяліць Божае благаслаўленне кожнаму мужчыне і жанчыне ў свеце. Я раблю гэта паводле старажытнай формулы, якая змяшчаецца ў Святым Пісанні: “Няхай Пана цябе благаславіць і абараняе. Няхай Пан дасць заззяць свайму абліччу перад табой і ўдзеліць цябе ласку. Няхай Пан зверне да цябе сваё аблічча і дасць цябе супакой”.

Як святло і цяпло сонца з’яўляюцца благаслаўленнем для зямлі, так святло Бога з’яўляецца ім для чалавека, калі Яго аблічча заззяе на ім. Так адбылося праз нараджэнне Езуса Хрыста! Бог даў свайму абліччу заззяць над намі: на пачатку, вельмі сціплым чынам, схаваным – у Бэтлееме толькі Марыя і Юзэф, а таксама некалькі пастухоў былі сведкамі гэтага аб’яўлення; але паступова, як сонца ўздымаецца ад світанку да поўдня, святло Хрыста ўзрастала і распаўсюджвалася паўсюль. За кароткі перыяд свайго зямнога жыцця, Езус з Назарэта даў заззяць абліччу Бога на Святой Зямлі; а затым, праз Касцёл натхнёны Яго Духам, пашырыў на ўсе народы Евангелле супакою. “Хвала на вышынях Богу і супакой на зямлі людзям добрай волі” (Лк 2,14). Гэты спеў анёлаў падчас Божага Нараджэння, з’яўляецца спевам хрысціян пад любым небам; спеў, які з сэрцаў і вуснаў пераходзіць у канкрэтныя жэсты, ва ўчынкі любові, якія складаюць дыялог, разуменне і прымірэнне.

Таму, праз восем дзён пасля Божага Нараджэння, калі Касцёл, як Панна Марыя, паказвае свету нованароджанага Езуса, Валадара Супакою, мы святкуем Сусветны дзень міра. Так, гэта Дзіцятка, якое з’яўляецца Словам Бога стаўшым целам, прыйшло, каб прынесці людзям мір, які свет даць не можа (пар Ян 14,27). Яго місія заключаецца ў разбурэнні “муру варожасці” (пар Эф 2,14). І калі, на берагах Галілейскага возера, Ён абвяшчаў свае благаславенствы, сярод іх было таксама: “шчаслівыя міратворцы, таму што будуць названы Сынамі Божымі” (Мц 5,9). Хто такія міратворцы? Гэта ўсе тыя, хто дзень за днём, імкнуцца перамагаць зло дабром, сілай праўды, збояй малітвы і прабачэння, шляхетна і добра зробленай працай, навуковымі даследваннямі на карысць жыцця, учынкамі духоўнай і цялеснай міласэрнасці. Міратворцы шматлікія – але яны не робяць шуму. Яны, як зачын у цесце, дазваляюць чалавецтву ўзрастаць паводле Божага плану.

У першай у гэтым годзе малітве “Анёл Панскі”, папросім Найсвяцейшую Марыю, Маці Бога, каб нас благаславіла, як маці, што благаслаўляе сваіх дзяцей, якія павінны адправіцца ў падарожжа. Новы год – як падарожжа: са святлом і ласкай Бога, можа быць шляхам супакою для кожнага чалавека і кожнай сям’і, кожнай краіны і ўсяго свету”.

Пасля марыйнай малітвы Папа павіншаваў сабраных вернікаў з Новым годам і пажадаў, каб ён быў па-сапраўднаму добрым. Святы Айцец скіраваў асаблівыя пажаданні Прэзідэнту Італіі Джорджыа Напалітана, а таксама прэзідэнтам іншых краін, якія яго павіншавалі. Бэнэдыкт XVI прывітаў маладых удзельнікаў сустрэчы “Taize”, якая праходзіць у Рыме.








All the contents on this site are copyrighted ©.