2012-12-31 12:48:54

“L’Osservatore Romano” аб забытым “зыходзе” яўрэяў


RealAudioMP3 “L’Osservatore Romano” звяртае ўвагу на амаль забыты “зыход” яўрэйскага народа, які пачаўся ў 1948 г. і працягваўся да 1975 г. Гаворка ідзе пра яўрэяў, якія ў гэты перыяд пакінулі арабскія краіны. Ватыканскае выданне, абапіраючыся на даследванне французскага гісторыка Жоржа Бенсусана, адзначае, што яшчэ ў сярэдзіне ХХ ст. у арабскіх краінах пражывала каля 850 тыс. яўрэяў, а ў 1976 г. іх засталося там толькі каля 25 тыс. чалавек. Асноўная ўвага даследчыка была скіравана ў першую чаргу на такія краіны як Ірак, Емен, Марока, Лівію і Егіпет – краіны найбольш значныя для гісторыі яўрэйскага народа.
Карыстаючыся архіўнымі дакументамі міжнароднай яўрэйскай арганізацыі заснаванай у Францыі ў 1860 г. з мэтай абароны правоў яўрэяў “Allianсe Israélite Universelle” і дыпламатычнымі крыніцамі, даследчык развенчвае дзве легенды аб адносінах паміж яўрэямі і мусульманамі ў арабскіх краінах. Першая легенда, “чорная”, тычыцца пастаянных разбурэнняў і слёзаў звязаных з гісторыя выбранага народа, а другая легенда, “ружовая”, прадстаўляе цудоўныя адносіны паміж мусульманамі і яўрэямі, якія аднак былі парушаны ў выніку пачатку каланіялізма і сіянізма. Жорж Бенсусан адзначае, што ў рэальнасці яўрэі знаходзіліся пад ціскам арабскіх законаў, якія рэгуліравалі жыццё немусульманскіх народаў (у першую чаргу яўрэяў і хрысціян) на сваіх землях.

Канфлікт паміж яўрэямі і арабамі, які ўзмацніўся пасля стварэння Ізраільскай дзяржавы, разбіў усе ілюзіі, аб тым, што можна быць грамадзянамі арабскіх краін яўрэйскага веравызнання. Яўрэі пачалі масава пакідаць землі, дзе жылі на працягу стагоддзяў. 600 тыс. чалавек у перыяд аднаго пакалення, перасяліліся ў Ізраіль. Астатнія, пераважна, ў гарады Еўропы і Амерыкі. Жорж Бенсусан, яўрэй мараканскага паходжання, адзначае, што памяць аб гэтым “зыходзе”, амаль забытым гісторыкамі, павінна быць адноўлена, з павагі да тых, хто быў прыніжаны арабскімі законамі і пакінуты сусветным яўрэйствам у якасці “закладнікаў” у мусульманскіх краінах.








All the contents on this site are copyrighted ©.