2012-12-28 10:29:20

Пакістанскія хрысціяне – мучанікі ХХІ ст.


RealAudioMP3 “Прыклад св. Стэфана, вернага Пану, аж да апошняга моманту, няхай падтрымлівае пераследаваных хрысціян, а наша малітва іх умацуе”, - гэтыя словы Бэнэдыкта XVI, прамоўленыя на наступны дзень пасля ўрачыстасці Божага Нараджэння маюць вострую актуальнасць сёння. Па ўсім свеце, вызнаўцы Хрыста працягваюць праліваць сваю кроў толькі па адной прычыне – таму што з’яўляюцца хрысціянамі. У асабліва складанай сітуацыі знаходзяцца вызнаўцы Хрыста ў Пакістане, дзе як ніколі, павялічыўся іх пераслед і гвалтоўны перавод у іслам. Аб гэтым у інтэрв’ю нашаму радыё расказаў заснавальнік Асацыяцыі пакістанскіх хрысціян у Італіі Мабін Шахід.

Праваабаронца адзначыў, што гвалтоўнае навяртанне ў іслам у Пакістане тычыцца не толькі хрысціян, але таксама прадстаўнікоў іншых рэлігійных меншасцяў. Ён падкрэсліў, што пакуль быў жывы Шахбаз Бхаці, пакістанскі міністр па справах меншасцяў, забіты ісламістамі ў сакавіку 2011 г., у год здзейснялася каля 700 гвалтоўных пераводаў, але зараз гэты феномен больш не паддаецца кантролю, а колькасць падобных выпадкаў павялічылася ў два разы.
Мабін Шахід расказаў, што ісламісты выкрадаюць на вуліцах хрысціянскіх ці індуіскіх дзяўчынак, падвяргаюць іх гвалту, а затым, пад пагрозамі прымушаюць адмовіцца ад сваёй веры і прыняць іслам. Ён адзначыў, што ўлады не рэагуюць на заяўленні аб гвалтоўным навяртанні і таму сітуацыя толькі пагаршаецца.

Таксама Мабін Шахід расказаў аб лёсе Асіі Бібі – хрысціянке, маці пяці дзецей, якая з 2009 г. знаходзіцца ў турме ў чаканні смяротнага пакарання, на якое было асуджанна згодна з так званым “законам аб блюзнерстве”. Паводле праваабаронцы, надзея на вызваленне Асіі Бібі застаецца слабой, бо яе выпадак прыцягнуў увагу ўсёй міжнароднай супольнасці і цяпер для ісламістаў пакаранне жанчыны стала прынцыпіяльным.
Мабін Шахід адзначыў, што закон аб блюзнерстве, мае вельмі шмат прыхільнікаў сярод членаў мусульманскіх рэлігійных рухаў і палітычных партый у Пакістане, таму вызваленне Асіі Бібі становіцца амаль немагчымым.








All the contents on this site are copyrighted ©.