2012-12-28 11:22:03

Заканчваецца вельмі насычаны год пантыфіката Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 Год, які падыходзіць да свайго заканчэння быў пражыты Бэнэдыктам XVI вельмі інтэнсіўна і плённа: міжнародныя падарожжы, наведванне італьянскіх гарадоў, удзел у сустрэчах з вернікамі, сотні прамоваў і выступленняў. Вера, сям’я, мір – гэтыя тэмы часцей за ўсё гучалі з вуснаў Пантыфіка. Нягледзячы на пажылы ўзрост Папа з адвагай і рашучасцю адказвае на выклікі, якія стаяць перад Касцёлам. Ён нясе надзею і ўпэўненасць у заўтрашнім дні людзям розных прафесій, узростаў і нацыянальнасцяў. У сакавіку 2012 г. падчас візіта у Мексіку Папа асудзіў насілле, карупцыю і гандль наркотыкамі, а на Кубе заклікаў да адвагі ўлады і міжнародную супольнасць. “Куба і свет маюць патрэбу ў пераменах, але яны наступяць толькі калі кожны задумаецца аб праўдзе і вырашыцца ўстаць на шлях любові, сеючы прымірэнне і братэрства”, - казаў Папа. Таксама, пад знакам неабходнасці прымірэння, прайшоў візіт Святога Айца ў Ліван, у верасні 2012 г. Наведаўшы краіну, якая мае мяжу з палаючай у канфлікце Сірыяй, Бэнэдыкт XVI выканаў місію пілігрыма супакою. Звяртаючыся да моладзі Папа казаў: “Неабходна, каб увесь Блізкі Усход, гледзячы на вас, зразумеў, што мусульмане і хрысціяне, іслам і хрысціянства, могуць жыць разам без нянавісці, у павазе да веры кожнага, каб супольна будаваць свабоднае і чалавечае грамадства”.

Падчас Сінода па новай евангелізацыі, Папа заклікаў католікаў з адвагай дзяліцца з іншымі сваёй верай. “Усе людзі маюць права ведаць Езуса Хрыста і Яго Евангелле; гэтаму адпавядае абавязак хрысціян, усіх хрысціян – святароў, законнікаў і свецкіх, абвячшаць добрую навіну”, - сказаў Пантыфік. Абвяшчаючы Год веры ў 50-ю гадавіну ІІ Ватыканскага Сабора Бэнэдыкт XVI падкрэсліваў, што робіць гэта “не для таго, каб ўшанаваць юбілей, але таму што ў гэтым ёсць патрэба, яшчэ большая чым 50 гадоў таму”.

Не менш важнымі былі словы Святога Айца прамоўленыя падчас Сусветнай сустрэчы сем’яў у Мілане. Сям’я, паводле Папы – гэта адзіная сіла, якая можа змяніць свет. Асабліва памятным застаўся заклік Бэнэдыкта XVI, які тычыўся клопату аб разведзеных. “Мне здаецца, што вялікае заданне парафіі, каталіцкай супольнасці заключаецца ў тым, каб рабіць усё магчымае, каб яны адчувалі сябе любімымі, прынятымі, што не знаходзяцца “звонку” нават калі не могуць атрымліваць прабачэнне і Эўхарыстыю; павінны бачыць, што нават так, упоўні жывуць у Касцёле”, - казаў Папа.

Акрамя гэтага можна узгадаць абвяшчэнне Папам новых доктараў Касцёла, заснаванне Папскай Акадэміі Латыні, прызначэнне новага прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, адвагу і супакой з якімі Святы Айцец прыняў навіну аб крадзяжы яго уласных дакументаў. Акрамя таго, Папа пачаў выкарыстоўваць “Tвітэр” і апублікаваў апошнюю кнігу з трылогіі аб асобе Езуса з Назарэта.








All the contents on this site are copyrighted ©.