Брат Алоіз: без ІІ Ватыканскага Сабора “Taize” было б немагчымым
З нагоды юбілейнай,
ХХХV Еўрапейскай сустрэчы моладзі ў Рыме, прыёр экуменічнай супольнасці “Taize” брат
Алоіз напісаў кнігу, ў якой падзяліўся ўласным досведам жыцця ў супольнасці. Яе значную
частку законнік прысвяціў веры маладых людзей, неабходнасці адзінства, духоўнасці
ў пост-мадэрніскім грамадстве і прароцтве прабачэння. У сваіх разважаннях брат Алоіз
заклікае да большай радыкальнасці хрысціянскага жыцця і неабходнасці моцнай сувязі
паміж верай і сучасным светам. На старонках кнігі брат Алоіз распавядае пра фундаменты,
на якіх трымаецца духоўнасць супольнасці “Taize”: цішыня, слуханне Божага Слова, супольная
малітва, служэнне бедным, гарачае жаданне і дзейнасць дзеля прымірэння. Ён прапануе
канкрэтныя парады тым, хто хоча практыкаваць хрысціянства ў нашу эпоху: “Развіваць
сеткі ўзаемнай дапамогі; спрыяць салідарнай эканоміцы; прымаць эмігрантаў; падарожнічаць,
каб знутры зразумець розныя культуры; устанаўліваць братэрства паміж гарадамі, вёскамі,
парафіямі, каб дапамагаць тым, хто мае патрэбу; свядома выкарыстоўваць новыя тэхналогіі,
каб ствараць сувязі падтрымкі...” Асаблівую ўвагу брат Алоіз звярнуў на тое, што
ад самага свайго заснавання і да сённяшняга дня відавочнай застаецца неразрыўная лучнасць
супольнасці “Taize” з ІІ Ватыканскім Cаборам. “Тое, што мы перажываем ў Тэзэ сёння,
было б немагчымым без той рэальнасці, якой з’яўляецца Сабор. Больш асабіста: тое,
што у 1970 г., я, 16-гадовым хлопцам католікам здолеў пайсці ў Тэзэ і паглыбіць маю
веру з хрысціянамі розных канфесій, стала магчымым дзякуючы ІІ Ватыканскаму сабору”,
- адзначыў брат Алоіз. Законнік расказаў таксама пра вялікіх сяброў супольнасці,
сярод якіх ёсць прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій: праваслаўны тэолаг Олівье
Клеман, пратэстанскі філосаф Пол Рыко і Папа Рымскі Ян Павел ІІ, якога папярэднік
брата Алоіза, брат Ражэ, лічыў не менш чым “заснавальнікам “Taize”.