“100 пытанняў – 100 адказаў”. Што хаваюць у сабе казкі Андэрсана?
Сёння мы перажываем
адно з самых цудоўных святаў літургічнага года – Божае Нараджэнне. Напэўна, яно з’яўляецца
самым любімым для большасці людзей, і не толькі веруючых. Яно зачароўвае сваёй таямнічасцю
і прыгажосцю, нагадвае аб цеплыні сямейнага кола, агеньчыках, святочнай ёлцы, атаясамліваецца
з пахам карыцы і мандарынаў, падарункамі і канешне ўспамінамі з дзяцінства. І вось
у такі дзень як сёння, напэўна няма нічога лепшага чым узгадаць самы бесклапотны перыяд
нашага жыцця, калі многае для нас здавалася адлюстраваннем казак, якія чыталі нам
бацькі.
У тыя часы, калі большасць з нас былі яшчэ маленькімі, многія казачныя
скарбы для нас былі схаваныя і аб іх багацці мы даведаліся толькі нядаўна. Такім скарбам
з’яўляюцца творы вялікага дацкага казачніка Ганса Хрысціяна Андэрсана. Вы спытаецеся:
“Чаму ж гэты скарб быў для нас схаваным? Мы з задавальненнем чыталі казкі Андерсана”.
А ці ведаеце, што ў савецкія часы, яго казкі падлягалі жорсткай цэнцузы. Справа ў
тым, што амаль у кожнай з іх прысутнічала забароненая тэма, а менавіта – вера ў Бога.
“Снежная каралева”, “Дзікія лебедзі”, “Русалачка” – усе гэтыя казкі мелі ў сабе рэлігійны
сэнс і ў іх часта былі ўзгадкі пра Бога, Евангелле, анёлаў, святароў, а таксама шматлікіх
хрысціянскіх каштоўнасцях. Аб гэтых казках мы пагаворым у сённяшняй праграме.
Напрыклад,
у “савецкай” так бы мовіць версіі казкі “Снежная каралева” былі выкрэслены важныя
словы, якія дазваляюць паглядзець на гэты твор з зусім іншага боку. На самой справе,
гэта казка вельмі глыбока прасякнута рэлігійным зместам. У ёй вучні злобнага Троля,
імкнуліся пасмяяцца не толькі над людзьмі, як напісана ў “савецкім” варыянце, але
таксама над анёламі і Богам. Калі Кай і Герда гуляліся разам, дзяўчынка спявала хлопчыку
біблійны псальм, у якім узгадвалася аб ружах. Кай, у сваю чаргу, падпяваў: “Ружы квітнеюць,
хараство і краса, хутка ўбачым Дзіцятка Хрыста”. Далей Андэрсан пісаў: “Дзеці спявалі,
узяўшыся за рукі, цалавалі ружы, глядзелі на яснае сонейка і размаўлялі з ім. Ім здавалася,
што з Сонца на іх глядзеў сам Дзіцятка Хрыстус”. Канешне, гэтых словаў у цэнзураванай
казцы не было. Калі санкі Кая імчаліся ў снежнае валадарства, ён так спужаўся, што
хацеў памаліцца “Ойча наш”, але ў памяці ў яго вярцелася толькі табліца памнажэння,
пісаў Андэрсан.
У іншым урыўку апавядаецца, пра тое, як Герда ішла праз снежную
завіруху ў валадарства “Снежнай каралевы”. Калі Герда ўбачыла перад сабой страшэнныя
снежныя камякі, падобныя на вялікіх пачварных яжоў, стогаловых змеяў і тоўстых мядзведзікаў
з узлахмачанай шэрсцю, яна “пачала чытаць “Ойча наш”. Далей Андэрсан піша: “Было так
холадна, што дыханне дзяўчынкі хутка ператваралася ў густы туман. Туман гэты ўсё больш
згушчаўся і згушчаўся, і вось з яго пачалі выдзяляцца маленькія, светлыя анёлкі, якія,
стаўшы на зямлю, вырасталі ў вялікіх грозных анёлаў са шлемамі на галовах і копьямі
і шчытамі ў руках. Іх колькасць усё павялічвалася і павялічвалася, і калі Герда скончыла
малітву, вакол яе ўтварыўся ўжо цэлы легіён. Анёлы узнялі снежных пачвараў на копьі,
і тыя рассыпаліся на тысячы сняжынак. Герда магла цяпер смела ісці наперад; анёлы
песцілі ёй рукі і ногі, і ёй не было ўжо так холадна. Нарэшце, дзяўчына дасягнула
парогаў Снежнай каралевы”. Канешне ў цэнзураваным тэксце не было ніякага ўспаміну
ні пра “Ойча наш” ні пра анёлаў.
Зняць чары з Кая Гердзе таксама дапамагла
малітва, а менавіта псальм, які яна праспявала. Нарэшце заканчваецца казка сустрэчай
з бабуляй, якая сядзела на сонейку і чытала Евангелле.
Андэрсан быў веруючым
чалавекам і стараўся ўключаць у свае казкі каштоўныя аспекты хрысціянскага навучання.
Напрыклад Русалачка марыла не толькі аб любові прынца, але і аб бессмяротнай чалавечай
душы, якая жыве нават калі цела пераўтвараецца ў пыл. У казцы “Дзікія лебедзі” менавіта
падтрымка Бога дапамагла Элізе вытрымаць цяжкія выпрабаванні і збавіць сваіх братоў.
Акрамя таго, Эліза была не толькі самай прыгожай, але і самай пабожнай дзяўчынкай
у краіне. У казцы “Балотны цар” галоўная гераіня змянілася пасля сустрэчы са святаром,
а чары з яе ўпалі, калі яна прамовіла імя Езуса Хрыста.
Андэрсан маляваў сваіх
персанажаў крухкімі і слабымі, але ў той жа час моцнымі самаахвяранай любоўю, адважнымі
і рашучымі. Ён ведаў, што гэтыя якасці, нават у самых слабых фізічна людзях, нараджаюцца
дзякуючы кантакту з Богам, які сам прыйшоў у свет у выглядзе бездапаможнага дзіцяці,
у пячоры аднаго правінцыяльных гарадоў на ўскрайку магутнай Рымскай Імперыі. Казкі
Андэрсана ўтрымоўваюць у сабе вялікая багацце і з’яўляюцца цудоўнай дапамогай для
выхавання шляхетных якасцяў у дзяцей. Божае Нараджэнне, казачны час, чым не нагода
па новаму перачытаць знаёмыя з дзяцінства гісторыі?