2012-12-24 10:23:35

Мінск: Бэтлеемскі агонь і чаканне свята


RealAudioMP3 Беларусь рыхтуецца сустрэць Божае Нараджэнне. Радасць нібыта вітае ў марозным паветры. Каталіцкія храмы ўпрыгожаны елкамі, каля кожнага – яслі, сімвал тых, у якіх нарадзіўся Збаўца. З горада, дзе ён прыйшоў на свет, напярэданні, 23 снежня, у архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прывезлі Бэтлеемскі агонь. Гэта зрабілі скаўты, спачатку аўстрыйскія, затым чэшскія, польскія, і, нарэшце, беларускія. Вось так, дзякуючы такой эстафеце, агонь дабраўся да Мінска. Шлях быў далёкі, але пераадолелі яго скаўты лёгка. У дарозе можа адбыцца ўсякае, але агонь не павінен згаснуць – гэта галоўнае патрабаванне для тых, хто яго суправаджае – паведаміў удзельнік скаўтскага руху Павел Гарковіч. “Гэта абавязковая ўмова; калі агонь згасне, мы павінны вярнуцца ў тое месца, дзе ёсць Бэтлеемскі агонь. Заўсёды ўсё праходзіць даволі спакойна, але мы вязем два агні, каб быў так скажам запасны варыянт”, - паведаміў ён.

Святыня пачала сваё падарожжа з Вены – туды яе з Бэтлеему даставілі самалётам, потым Чэхія, Польшча, беларуская мяжа, Гродна і цяпер сталіца, а адсюль далей – яшчэ больш чым у 30 парафій па ўсёй краіне. Агонь – сімвал нованароджанага Езуса, таму трэба паспець аккурат да свята – кажуць скауты. “Не трэба разумець агонь як нешта містычнае ці незвычайнае. Гэта агонь, які запалены ў Бэтлееме і з’яўляецца сімвалам Збаўцы”, - лічыць Павел Гарковіч.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч урачыста сустрэў агонь. І кожны з вернікаў трымаў у руках сваю лампаду. У архікатэдральны касцёл прымае агонь ужо на працягу 5 гадоў, а ў Беларусь яго прывозяць ужо ў 15-ы раз – паведаміў пробаш архікатэдры кс. Антоній Клімантовіч. “Гэта агонь, які яднае людзей, шмат вернікаў нясуць агонь дамоў і захоўваюць як мага даўжэй, яднаючыся ў супольнай малітве, яднаючыся з нованароджаным Езусам і ўсімі хрысціянамі”, - адзначыў святар.

Праз некалькі гадзін тут, у архікатэдральным касцёле пачнецца св. Імша ў Вігілію Божага Нараджэння, як і ва ўсіх каталіцкіх храмах, па ўсёй краіне. Вернікі сустрэнуць нараджэнне Збаўцы, які і з’яўляецца сапраўдным светачам.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.