Мітрапаліт Кандрусевіч падвёў вынікі і падзяліўся планамі
21 снежня ў Мінску
адбылася калядная сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
з журналістамі. Прадстаўнікі тэле-, радыёрэдакцый, а таксама друкаваных СМІ сабраліся
ў касцёле св. Сымона і св. Алены. Такія сустрэчы адбываюцца традыцыйна – напярэдадні
Божага Нараджэння – напрыканцы года лепш ўсяго падвесці вынікі і прыадчыніць некаторыя
планы. Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што ў Касцёле скончыўся Год новай евангелізацыі
і пачаўся Год веры. Гэта і стане лейтматывам усіх галоўных мерапрыемстваў 2013-га
ў Беларусі. Цэнтрам святкавання Году веры стане Будслаў – у наступным годзе Беларусь
адзначыць 400-годдзе з’яўлення нацыянальнай святыні – абраза Будслаўскай Божай Маці.
У беларускім мястэчку чакаюць шматлікіх пілігрымаў, магчыма, і папскага легата. А
маладых католікаў з Беларусі, наадварот, летам чакаюць у Бразіліі. Дэлегацыя пілігрымаў
адправіцца на Сусветны дзень моладзі. Ва ўнісон з міжнародным форумам, у Івянцы пройдзе
агульнабеларуская сустрэча моладзі – паведаміў іерарх. “Моладзь – гэта будучыня свету,
як яна будзе сфарміравана, такі нас чакае свет. Таму мы стараемся ўсімі сіламі арганізаваць
духоўную апеку моладзі”, - адзначыў ён.
Спыталі Мітрапаліта аб магчымасці стварэння
ў Беларусі новай дыяцэзіі – гаворка аб гэтым пакуль не ізде. З плоскаці размоў у плоскаць
канкрэтных крокаў перайшла справа пагаднення паміж Беларуссю і Ватыканам, але падпісанне
канкардату ніколі не адбываецца хутка. Арцыбіскуп выказаў свае адносіны да сітуацыі
ў Сірыі, дзе зараз востра стаіць праблема пераследу хрысціян. Як і ва ўсім свеце.
“Спосабы
ганенняў квітнеюць. Мы ведаем і іншыя прыклады ў свеце. У Італіі праводзілася цэлая
кампанія па забароне крыжоў, у Францыі робяцца крокі па стварэнні лабараторыі секулярызму,
каб людзі адыходзілі ад веры. Мы бачым, што і цівілізаваны свет вядзе переслед хрысціянаў.
І хрысціяне – на першым месце сярод рэлігій, якія падвяргаюцца ганенням. Трэба маліцца,
каб такога не было. І не толькі за тых, каго забіваюць і дзе льецца кроў”, - падкрэсліў
з заклапочаннем Мітрапаліт.
Касцёл у Беларусі таксама перажыў доўгія гады
пераследу ў савецкія часы. Тады, узгадаў арцыбіскуп, людзі аддавалі жыццё за крыж.
Не выпадкова зараз, каб ушанаваць і ўзмацніць веру, вырашана аднавіць усе прыдарожныя
крыжы. Сярод значных падзей мінулага году – выданне чатырох Евангелляў на сучаснай
беларускай мове. Напрыканцы сустрэчы спыталі Мітрапаліта, ці збіраецца ён выходзіць
у сацыяльныя сеткі – як папа Бэнэдыкт XVI. Магчыма, і гэты способ новай евангелізацыі
калі-небудзь ім будзе выкарыстаны, не выключыў іерарх. Завяршылася сустрэча традыцыйным
ламаннем аплатка з пажаданнямі радасных святаў.