2012-12-21 13:01:34

Бэнэдыкт XVI: пад пагрозай канцэпцыя самаго існавання, таго, што значыць быць чалавекам


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI звярнуўся 21 снежня з прамовай і пажаданнямі да Рымскай курыі. Сустрэчу са сваімі найбліжэйшымі супрацоўнікамі Святы Айцец праводзіць традыцыйна ў канцы года, а прамова Пантыфіка звычайна датычыць падвядзення яго вынікаў. Не выключэннем стала і сёлетняя. Папа адзначыў, што сітуацыя ў Касцёле і свеце характарызавалася цэлым шэрагам значных падзей. Тут ён узгадаў сваё падарожжа у Мексіку і на Кубу, Сусветную сустрэчу сем’яў у Мілане, візіт у Ліван, а таксама Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі, распачацце Году веры і 50-годдзе ІІ Ватыканскага Сабору. У кантэксце Сустрэчы сем’яў у Мілане Бэнэдыкт XVI адзначыў, што напад на сапраўдную форму сям’і, якая складаецца з бацькі, маці і дзіцяці, сягае больш глыбокага вымярэння, чым здавалася на першы погляд. “Калі да гэтай пары прычыну крызісу сям’і мы бачылі ў неразуменні сутнасці чалавечай свабоды, то зараз становіцца ясна, што коштам з’яўляецца канцэпцыя самаго існавання, таго, што на самой справе значыць быць чалавекам”, - заўважыў Папа. Ён спаслаўся на сучасную, вельмі небяспечную, філасофію сексуальнасці, “паводле якой, пол – гэта ўжо не першасны факт натуры, які чалавек павінен прыняць і асабіста напоўніць сэнсам, але сацыяльная роля, якую асоба вызначае самастойна”. Небяспечна тое, адзначыў Пантыфік, што чалавек “не прымае сваёй уласнай прыроды, і вырашае, што яна не была дадзена яму як папярэдні факт, таму ён павінен стварыць яе самастойна”. “Згодна з біблійным апісаннем стварэння, чалавек створаны Богам, каб быць мужчынам і жанчынай”, - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI .

Пантыфік вызначыў тры абшары дыялогу, у якім павінен удзельнічаць Касцёл у барацьбе за чалавека і за тое, што значыць быць чалавекам: “дыялог з краінамі, дыялог з грамадзянскай супольнасцю – у тым ліку дыялог з культурамі і навукай – і, нарэшце, дыялог з іншымі рэлігіямі”. І ва ўсіх гэтых дыялогах Касцёл павінен прымаць удзел “зыходзячы са святла, якое дае яму вера”, перакананы Папа. Што тычыцца дыялогу паміж рэлігіямі, у бліжэйшай будучыні, гэта будзе перш за ўсё “дыялог жыцця” і будзе скіраваны на асягненне міру ў свеце, перакананы Бэнэдыкт XVI. Увогуле, паводле Пантыфіка, у міжканфесійным дыялогу важныя два правілы: па-першае, дыялог не імкнецца да навяртання на сваю веру; па-другое, у дыялогу абодва бакі свядома захоўваюць сваю ідэнтычнасць, якую не аспрэчваюць адносна сябе ці іншых. Але гэтага не дастаткова, лічыць Папа, паколькі у рэлігіі размова ідзе аб перакананасці ў ісціне. У дыялогу хрысціянін заўсёды мае ўпэўненасць, што “можа бяспечна плаваць у велізарным моры ісціны, не турбуючыся аб сваёй тоеснасці як хрысціяніна”, - перакананы Пантыфік.

Святы Айцец звярнуўся таксама да тэмы абвяшчэння Евангелля. У першую чаргу, нагадаў ён, важна простае абвяшчэнне, кэрыгма, “якая чэрпае свае сілы з унутранага пераканання таго, хто абвяшчае”. “Слова абвяшчэння эфектыўнае там, дзе ў чалавеку існуе гатоўнасць на блізкасць Бога, дзе чалавек шукае ўнутрана і, такім чынам, знаходзіцца на шляху да Пана”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI. “Ідзіце і паглядзіце”, - гэтыя словы ў адрас двух шукаючых вучняў, Езус кіруе таксама да сучасных шукаючых Яго людзей”, - дадаў ён і “у гэтым духу” пажадаў усім супрацоўнікам Рымскай курыі добрага Божага Нараджэння і шчаслівага Новага Году.







All the contents on this site are copyrighted ©.