2012-12-20 10:07:19

“Еўрапейскі агляд”: моладзь і экуменізм


RealAudioMP3 На вялікае экуменічнае значэнне міжнароднай сустрэчы моладзі, якая пройдзе 28 снежня – 2 студзеня ў Рыме па ініцыятыве супольнасці “Taize”, звярнуў увагу кіраўнік Нямецкай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Бэнд Хагенкорд. У рамках рубрыкі “Еўрапейскі агляд” на нашым радыё, ён звярнуў увагу, што сустрэчы, якія адбываюцца штогадова ў перыяд навагодніх святаў, падштурхоўваюць маладых людзей, якія на іх збіраюцца, бачыць перш за ўсё тое, што іх аб’ядноўвае, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці. Гэта на думку кс. Хагенкорда дае магчымасць жыць экуменізмам не ў тэорыі, але па-сапраўднаму.Святар падкрэсліў, што супольнасць “Taize” перш за ўсё дапамагае маладым людзям у пошуку Бога ў адзінстве ў прадстаўнікамі іншых веравызнанняў. “З гэтай мэтай існуюць спевы, манаская форма жыцця супольнасці, месца з асаблівым значэннем, узаемны абмен сярод аднагодак і перш за ўсё яе міжнародны аспект: пакаленні сустракаюцца нягледзячы на межы, якія менавіта ў такія моманты больш не ўяўляюць сабой ліній падзелаў”, - адзначыў кс. Хагенкорд. Ён падкрэсліў, што “гэты экуменізм не ствараецца ў сферы дзейнасці ці дыскусій”, але “ён нараджаецца ў супольным пошуку Бога”.

Святар адзначыў, што месцам такога пошуку з’яўляецца маўчанне і цішыня, ўласцівыя стылю супольнасці. Аб іх важнасці нагадваў таксама Бэнэдыкт XVI, калі казаў, што ў нашу эпоху часта становіцца вельмі складана “спыніцца, супакоіцца, слухаць цішыню ў якой Бог дае магчымасць ясна чуць свой голас”.

“Заўсёды ўражвае, калі бачым як новыя пакаленні паказваюць старэйшым, як знайсці Бога ў такой цішыні, і як прыняць Езуса ў сваім жыцці. “Taize” нясе мір і супакой у малітве і слуханні, праз музыку, інтэрпрытацыю Святога Пісання і сустрэчу. “Taize” трымае людзей па-за штодзённым шаленствам. Усё гэта ў супольнасці, на знак экуменізма”, - падкрэсліў журналіст. Ён выказаў спадзяванне, што сустрэча “Taize”, якая пачнецца напрыканцы снежня ў Рыме, стане месцам адзінства ў веры праз супольны пошук Бога і не будзе падпарадкавана хуткаму рытму і стрэсу, якія характарызуюць наша штодзённае жыццё.








All the contents on this site are copyrighted ©.