2012-12-19 12:21:24

Падчас св. Імшы на Божае Нараджэнне Бэнэдыкт ХVI будзе апрануты ў арнат Х-ХІІ ст.


RealAudioMP3 Кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый кс. прэлат Гвіда Марыні паведаміў аб падрабязнасцях святочных цэлебрацый з удзелам Святога Айца. Паводле яго, падчас Вігілійнай св. Імшы Божага Нараджэння Бэнэдыкт ХVI будзе апрануты ў арнат, які выкарыстоўвалі Рымскія Пантыфікі пачынаючы з X-XII ст. Ён дадаў, што такім чынам Папа хоча засведчыць сваю павагу да традыцыі. Цікава, што на працягу стагоддзяў у аздабленне гэтага арнату ўносіліся змены. Напрыклад, дададзеныя пазней вертыкальныя палосы залатога і срэбнага колераў сімвалізуюць адзінства і непарыўную сувязь паміж Касцёламі Усходу і Захаду, пад кіраўніцтвам Наступніка св. Пятра, прызнаўся галоўны ватыканскі літургіст.

Кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый падзяліўся таксама больш падрабязнай інфармацыяй аб святкаванні Божага Нараджэння ў Ватыкане. У прыватнасці, ён заўважыў, што ў працэсіі перад Вігілійнай св. Імшой у базыліцы св. Пятра прымуць удзел таксама дзеці, якія ўскладуць букет кветак побач з фігуркай Дзіцятка Езуса. “Іх будзе дзесяцёра і прыбудуць яны з розных кантынентаў”, - прызнаўся кс. Марыні. Ён дадаў, што пасля св. Імшы, фігурка маленькага Езуса бузе пакладзена ў яслі на плошчы св. Пятра. Пры галоўным алтары базылікі змесцяць іншую фігурку, зробленую хрысціянскімі рамеснікамі з Бэтлеему, копію той, якую кожны год кладуць у месцы нараджэння Збаўцы, у бэтлеемскай базыліцы Нараджэння Хрыста, паінфармаваў Кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый.








All the contents on this site are copyrighted ©.