2012-12-18 12:19:10

Кардынал Бэртонэ: неабходна празрыстасць фінансава-гаспадарчай дзейнасці Святога Пасаду


RealAudioMP3 18 снежня ў Ватыкане быў прадстаўлены новы Рэгламент Прэфектуры эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы. Правёў прэзентацыю дакументу кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ. Найбліжэйшы супрацоўнік Бэнэдыкта XVI адзначыў, што новыя нормы значна пашыраюць функцыі Прэфектуры. Ён нагадаў аб “свабодзе і аўтаноміі” уласнасці Касцёла, які мае права рэалізаваць сваю “эканамічную самадастатковасць” розным легітымным чынам. Кардынал нагадаў, аднак, што Касцёл, як такі, “не мае актываў”: ён валодае імі праз інстытуты, якія яго ўтвараюць, і з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі. Функцыя Прэфектуры эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы заключаецца ў забеспячэнні дзейнасці ўстаноў Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан, для гарантавання іх аўтаноміі, адзначыў іерарх і дадаў, што “гэты орган быў заснаваны папам Паўлам VI у рамках рэформы Рымскай курыі з мэтай вывучэння, кантролю, нагляду і каардынацыі “усіх эканамічных інвестыцый і аперацый найбольш важных для Святога Пасаду”.


З цягам часу, паводле кардынала Бэртонэ, Прэфектура ператварылася ў “свайго роду, цэнтральны орган уліку Святога Пасаду, застаўляючы на другім плане задачы планавання і каардынацыі агульных эканамічных інтарэсаў”. Новы Рэгламент, апублікаваны 22 лютага 2012 года, вяртае “першапачатковы дух” установы, лічыць ён. Напрыклад у арт. 1 новага дакументу гаворыцца, што “Прэфектура эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы з’яўляецца дыкастэрыяй адказнай за эканамічнае планаванне, а таксама нагляд і кантроль за ўстановамі Святога Пасаду, і робіць гэта незалежна ад “аўтаноміі, якой яны карыстаюцца”. Таму, на думку кардынала Дзяржсакратара, Прэфектура захоўвае своеасаблівы “нейтралітэт” у адносінах паміж такімі ўстановамі і Дзяржаўным Сакратарыятам, які падпарадкоўваецца непасрэдна Вярхоўнаму Пантыфіку. Для выканання гэтай задачы ўстановы Апостальскай Сталіцы павінны “сумленна” перадаваць інфармацыю аб сваёй гаспадарчай дзейнасці Прэфектуры, каб такім чынам стала магчымым выкананне прынцыпаў эканамічнага праграмавання. Кардынал Бэртонэ падкрэсліў, што сёння як ніколі “неабходна празрыстасць фінансава-гаспадарчай дзейнасці Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан”, а для гэтага патрэбны сумесныя намаганні ўсіх інстытутаў Апостальскай Сталіцы. Ён заклікаў апошнія таксама да змяншэння выдаткаў, “асабліва ў цяперашніх гістарычных абставінах”.

Кардынал Дзяржсакратар нагадаў у заключэнне прэзентацыі Рэгламенту, што “кожная ўласнасць, кожны эканамічны абмен, кожная інвестыцыя, кожная кіраўнічая дзейнасць мае сваю канчатковую спасылку на Бога і Яго Валадарства”.







All the contents on this site are copyrighted ©.