2012-12-17 13:09:02

Кардынал Сара: беднасць таксама можа быць пазітыўнай рэальнасцю


RealAudioMP3 Кардынал Рабер Сара, старшыня Папскай рады “Cor Unum”, занепакоены пашырэннем скрайнай беднасці ў свеце. Ён адзначыў, што, хоць беднасць заўсёды была рэальнасцю для чалавецтва, яе спараджае сам чалавек, ствараючы “несправядлівае асяроддзе”, такую арганізацыю эканомікі, якая спрыяе выключна багатым, а бедных робіць яшчэ больш беднымі. На думку ватыканскага іерарха, “беднасць будзе існаваць заўсёды, але гэта мае не толькі адмоўныя аспекты”. “Мне здаецца, - сказаў кардынал Сара ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, - што беднасць таксама можа быць пазітыўнай рэальнасцю, таму што гэта лад жыцця ў цвярозасці, прастаце, якая не загрувашчвае наша жыццё вялікай колькасцю рэчаў, якія не з’яўляюцца неабходнымі”. Іерарх адначыў, што ў многіх бедных краінах людзі больш вясёлыя, больш упэўненыя ў жыцці, чым тыя, у якіх ёсць усё. Барацьба з беднасцю, паводле старшыні Папскай рады, гэта барацьба за годнасць чалавека і хаця б мінімальна неабходнае матэрыяльныя рэчы, якія ёй спрыяюць.

Кардынал адзначыў, што Касцёл, як ніякая іншая арганізацыя ў свеце, імкнецца палепшыць умовы жыцця і працы насельніцтва, і не толькі каталіцкага. Ствараюцца школы, медыцынскія ўстановы, існуюць сельскагаспадарчыя ініцыятывы. Менавіта адукацыя, на думку кардынала Сара, з’яўляецца самай прагрэсіўнай формай барацьбы з беднасцю, бо яна дапамагае паглядзець на рэчы па-іншаму, развівае чалавека да прагрэсу не толькі духоўнага, але і матэрыяльнага.

Іерарх падзяліўся досведам сваіх сустрэч з людзьмі патрабуючымі падчас паездак па свеце. Ён адзначыў, што сёння людзі чакаюць не столькі дапамогі матэрыяльнай, колькі наталення духоўнага голаду.







All the contents on this site are copyrighted ©.