2012-12-16 13:41:21

Святы Айцец: той, хто атрымлівае дары Бога эгаістычна, не знойдзе сапраўднай радасці


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI наведаў 16 снежня рымскую парафію св. Патрыцыя. Ён сустрэўся з вернікамі і ўзначаліў св. Імшу ў парафіяльным касцёле. У сваёй гаміліі Пантыфік засяродзіўся на рэальнасці радасці, якая прысутнічае ў Адвэнце і натхняе ўвесь час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Крыніца гэтай радасці, паводле Святога Айца – трывалае пачуццё прысутнасці Збаўцы сярод нас. “Езус прыносіць збаўленне чалавецтву, новыя адносіны з Богам, Які перамагае зло і смерць, і прыносіць таксама сапраўдную радасць ад прысутнасці Пана, Які прыходзіць, каб асвятліць наш шлях, часта прыгнечаны цемрай і эгаізмам”, - звярнуў увагу Папа. Ён перакананы, што хрысціяне павінны быць носьбітамі прысутнасці Бога ў свеце, “Бога, які ёсць, Бога добрага, Бога блізкага”.

Яшчэ адным момантам, які натхняе хрысціянскую радасць, нагадаў Святы Айцец, з’яўляецца факт, што Бог “ніколі не перастае любіць нас і працягвае быць блізкім да нас са сваёй міласэрнасцю”. “Бог не далёка, Ён на самой справе слухае, ведае нас, і ніколі не адпрэчвае нашы малітвы, хоць не заўсёды адказвае так, як мы хочам, але Ён адказвае”, - адзначыў Папа і дадаў, што “той, хто атрымлівае дары Бога эгаістычна, не знойдзе сапраўднай радасці”. Святы Айцец нагадаў, што дарамі і любоўю, атрыманымі ад Бога, трэба дзяліцца з бліжнімі. “Бог не патрабуе нічога асаблівага, але, каб кожны жыў у адпаведнасці з прынцыпамі салідарнасці і справядлівасці; без іх не можна быць добра падрыхтаванымі на сустрэчу з Богам”, “Ён не патрабуе экстраардынарных рэчаў, але звычайнага жыцця ў праўдзе і дабру” - лічыць Бэнэдыкт XVI.

Святы Айцец запрасіў парафіянаў рымскай супольнасці кожную нядзелю ўдзельнічаць ва Эўхарыстыі, якая павінна займаць “важнае і цэнтральнае месца ў асабістым і грамадскім жыцці”. Папа заклікаў вернікаў прыступаць рэгулярна да сакрамэнту паяднання, асабліва падчас Адвэнту. “Я звяртаюся з асаблівым прывітаннем да сем’яў, у надзеі, што яны могуць у поўнай меры рэалізаваць сваё пакліканне любіць з высакароднасцю і настойлівасцю”, - сказаў Пантыфік. Ён заклікаў парафіянаў касцёла св. Патрыцыя стаць “сапраўднамі героямі новай евангелізацыі”, уносячы ў яе “свежую энергію, энтузіязм і свае здольнасці”.







All the contents on this site are copyrighted ©.