2012-12-16 13:01:33

Папа перад “Анёл Панскі”: Бог патрабуе сумленнага выканання абавязкаў (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Святы Айцец узначаліў 16 снежня малітву “Анёл Панскі”. На плошчу св. Пятра памаліцца з Папам прыбыло некалькі тысяч вернікаў. Перад марыйнай малітвай Бэнэдыкт XVI скіраваў да іх свае разважанні, у якіх засяродзіўся на асобе Яна Хрысціцеля – Прарока Адвэнту. Папа заклікаў вернікаў да салідарнасці з бліжнімі і звярнуў увагу на патрэбу справядлівасці ў сучасным свеце. “Евангелле Трэцяй Нядзелі Адвэнту прадстаўляе чарговы раз постаць Яна Хрысціцеля, і паказвае яго размаўляючым з людзьмі, якія прыйшлі да яго, каб прыняць хрост у рацэ Ярдан. - сказаў Папа - Паколькі Ян моцна заклікае ўсіх рыхтавацца да прышэсця Месіі, некаторыя пытаюцца: “Што мы павінны рабіць?” (Лк 3,10.12.14). Гэтыя дыялогі вельмі цікавыя і актуальныя. Першы адказ даецца натоўпу ў цэлым. Ян Хрысціцель кажа: “Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае; і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае” (Лк 3,11). Тут мы можам заўважыць крытэрый справядлівасці, якая ажыўляецца міласэрнасцю.

Справядлівасць патрабуе пераадоленя дысбалансу паміж тымі, хто мае лішняе, і тымі, хто не мае самага неабходнага. Міласэрнасць заклікае нас быць уважлівымі адно да аднаго і задаволіць патрэбы бліжняга, замест таго, каб знаходзіць апраўданні для абароны сваіх інтарэсаў. Справядлівасць і міласэрнасць не супярэчаць адна адной; яны абедзве неабходныя і ўзаемадапаўняльныя. “Любоў заўсёды будзе неабходнай, нават у самым справядлівым грамадстве”, паколькі “заўсёды будуць існаваць сітуацыі матэрыяльнай патрэбы, калі неабходна дапамога праз канкрэтную любоў да бліжняга” (энцыкліка “Deus Caritas Est”, 28).

Другі адказ Ян дае некаторым “мытнікам”, зборшчыкам падаткаў для рымлян. Па гэтай прычыне імі пагарджалі, а яшчэ таму, што яны часта выкарыстоўвалі становішча ў сваіх інтарэсах, каб красці. Ім Хрысціцель не кажа аб змене працы, але аб тым, каб не бралі нічога больш за ўстаноўленае (пар. Лк 3,13). Прарок, ад Божага імя, не патрабуе выключных жэстаў, але, перш за ўсё, сумленнага выканання сваіх абавязкаў. Першым крокам да вечнага жыцця заўсёды з’яўляецца захоўване запаведзяў, у гэтым выпадку сёмай: “Не крадзі” (пар. Зых 20, 15).

Трэці адказ накіраваны да жаўнераў, іншай групы, маючай пэўную ўладу, і таму спакусу злоўжываць ёй. Жаўнерам Ян кажа: “Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёю платаю”. (пар. Лк 3,13). Зноў жа, навяртанне пачынаецца з сумленнасці і павагі да іншых, што распаўсюджваецца на ўсіх, асабліва на тых, хто мае больш адказнасці.

Улічваючы гэтыя дыялогі ў цэлым, уражвае вялікая канкрэтыка слоў Яна: Бог будзе судзіць нас па справах нашых, гэта значыць, па паводзінах, якія павінны адзначацца вернасцю Яго волі. Менавіта таму заклік Хрысціцеля застаюцца актуальнымі. Таксама і ў нашым складаным свеце, усё было б значна лепш, калі б кожны прытрымліваўся гэтым правілам паводзін. Таму будзем прасіць Пана, праз заступніцтва Найсвяцейшай Багародзіцы, дапамагчы нам, каб падрыхтоўка да ўрачыстасці Божага Нараджэння прынесла добры плён навяртання (пар. Лк 3,8)”, - сказаў Папа.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец нагадаў, што ў Рыме з 28 снежня па 2 студзеня будзе праходзіць Еўрапейская малітоўная сустрэча моладзі, якую арганізуе экуменічная супольнасць з Тэзэ. Пантыфік падзякаваў усім сем’ям, якія згадзіліся прыняць маладых пілігрымаў, што прыедуць у Вечны Горад з усёй Еўропы. Паколькі моладзі прыедзе больш, чым знайшлося жадаючых прыняць яе на начлег, Бэнэдыкт XVI звярнуўся з просьбай да рымскіх парафій, дапамагчы знайсці адкрытыя для прыняцця маладых людзей сем’і.

Папа яшчэ раз выказаў сваё шкадаванне і здзіўленне “бессэнсоўным насіллем” у амерыканскім Ньютаўн, у пачатковай школе якога ў пятніцу былі забіты настаўнікі і дзеці. “Запэўніваю сем’і ахвяраў, асабліва тых, хто страціў дзіця, у маёй малітоўнай блізкасці”, - сказаў Пантыфік. “Няхай Божае суцяшэнне дакранецца да іх сэрцаў і палегчыць іх боль”, - дадаў ён.







All the contents on this site are copyrighted ©.