2012-12-15 13:20:59

Ватыканскі іерарх: палітычны атэізм – найвялікшая небяспека для Еўропы


RealAudioMP3 Палітычны атэізм і агрэсіўны секулярызм уяўляюць, па словах арцыбіскупа Герхарда Людвіга Мюлера, найбольшую небяспеку для Еўропы. “Мы як Касцёл не павінны бяздзейнічаць і замыкаць сябе ў коле людзей, якія прыходзяць на набажэнствы”, - сказаў прэфект Кангрэгацыі Веравучэння ў інтэрв’ю нямецкаму выданню “Mittelbayerischen Zeitung”. Менавіта таму існуе патрэба ў большай колькасці католікаў актыўных у грамадскай сферы. “Мы не маем сапраўдных католікаў, якія б знаходзіліся на ўсіх палітычных узроўнях”, - лічыць іерарх.

Нарэшце гаворка ідзе аб тым, каб не толькі ўдзельнічаць у літургіі, нават калі яна з’яўляецца важным элементам, сказаў арцыбіскуп Мюлер. Ён заклікаў католікаў прымаць удзел у выбарах і балатавацца ў якасці кандыдата ад партыі. “Мы часта пакідаем гэта поле розным ідэалагічным групам, і здзіўляемся потым, што Касцёл ігнаруюць”, - заўважыў ватыканскі іерарх. Сапраўдныя хрысціяне ў палітычным жыцці Еўропы – гэта сёння меншасць, дадаў ён, хоць уся культура тут была сфарміравана менавіта хрысціянствам.

Арцыбіскуп Мюлер звярнуўся таксама да тэмы інтэрнэту. Адмоўным фактарам гэтай сферы іерарх назваў ананімнасць. “Прыстойны чалавек не скажа нічога дрэннага пра іншых, пры гэтым не агучыўшы свайго імя і такім чынам не прыняўшы на сябе адказнасці”, - заўважыў арцыбіскуп. Таму, на яго думку, Інтэрнэт павінен рэгулявацца адпаведнымі законамі. У сваю чаргу, людзі павінны крытычна рэагаваць на ананімшчыкаў і не прымаць іх сур’езна, “як гэта адбываецца з ананімнымі лістамі, якія адразу выкідваюцца ў сметнік”, - перакананы ватыканскі іерарх.







All the contents on this site are copyrighted ©.