2012-12-15 15:31:06

Ватыканскі кардынал з візітам ва Угандзе


RealAudioMP3 Кардынал Фернанда Філоні знаходзіцца з візітам ва Угандзе, дзе сустрэўся 16 снежня з Канферэнцыяй Біскупаў гэтай краіны. Прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў адзначыў актыўнае развіццё апостальскай, душпастырскай і сацыяльнай дзейнасці мясцовага Касцёла. Іерарх нагадаў пра заклік бл. Яна Паўла II, “абвяшчаць Езуса Хрыста, каб паказаць людзям іх неад’емную годнасць”. Удзел Касцёла ў сацыяльнай сферы жыцця стаў станоўчым адказам на яго. Працуючы ў гэтым напрамку Касцёл ва Угандзе павінен быць “святлом і соллю” афрыканскага кантыненту, дзе існуюць рознага тыпу канфлікты, у аснове якіх ляжыць адсутнасць паразумення паміж людзьмі, перакананы ватыканскі іерарх.

Кардынал Філоні нагадаў біскупам, што на іх, “як на пераемніках апосталаў”, ляжыць асноўная задача – заклікаць да еднасці, справядлівасці і супакою. Гэты рэгіён, які перажыў пакуты насілля, нянавісці, грамадзянскіх войнаў і адсутнасці прабачэння сярод розных этнічных груп, сёння адзначае 100-годдзе Каталіцкага Касцёла, нагадаў кардынал, і асабліва ў духу Года Веры павінен пры дапамозе сваіх пастыраў зразумець, што такое вера, адкрыць яе сапраўдны сэнс і фундамент, дадаў ён.

Прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў звярнуў ўвагу на фармацыю семінарыстаў і духоўную дапамогу святарам і кансэкраваным асобам, якія патрабуюць бацькоўскага разумення і падтрымкі з боку сваіх іерархаў. Кардынал Філоні заклікаў да няспыннай працы і душпастырскай апекі над свецкімі рухамі і сям’ямі, якія з’яўляюцца фундаментаментам грамадства і Касцёла. Ён запрасіў біскупаў звярнуць увагу на ролю і годнасць жанчыны, якая мае права на поўны ўдзел ў жыцці грамадства і правы якой часта дыскрымінуюцца.

Іерарх з Ватыкану пажадаў біскупам быць добрымі кіраўнікамі сваіх дыяцэзій, кіруючыся любоўю і адказнасцю ў выкананні сваіх абавязкаў, а таксама прынцыпамі празрыстасці і добрасумленнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.