2012-12-13 08:56:39

“Твітэр” Папы набраў мільён карыстальнікаў


RealAudioMP3 Пасля змяшчэння першага паведамлення Папы на “Твітэры” колькасць карыстальнікаў, зарэгістраваных на галоўнай версіі мікраблогу Пантыфіка, перавысіла 1 млн. 12 снежня, пасля агульнай аўдыенцыі, Бэнэдыкт XVI з дапамогай электроннага планшэту змясціў свой першы “твіт”, у якім прывітаў усіх карыстальнікаў сацыяльнай сеткі і падзякаваў за ўвагу да яго асобы і дзейнасці. Першае паведамленне атрымала ўжо за першыя 10 хв. каля 6 тыс. “рэтвітаў”, столькі разоў карыстальнікі падзяліліся словамі Святога Айца з іншымі асобамі ў “Твітэры”. Дакладна праз некалькі хвілін Святы Айцец адказаў на пытанне аднаго з наведавальнікаў яго акаўнту і параіў яму перажываць Год веры ў “размове з Езусам праз малітву, слухаючы, што Ён кажа праз Евангелле, і знаходзячы Яго ў тых, хто мае патрэбу”. Вечарам 12 снежня з’явіліся адказы Папы на яшчэ два пытанні асоб, зарэгістраваных на яго мікраблогу. Яны былі выбраны з тысяч, надыходзячых на адрас Святога Айца ў сацыяльнай сетцы. “Як можна верыць ў Езуса ў свеце, які жыве без надзеі?”, - пацікавіліся ў Бэнэдыкта XVI. “Мы можам быць упэўнены, што, той, хто верыць, ніколі не самотны. Бог – гэта цвёрдая скала, на якой мы будуем наша жыццё і сваю любоў, напоўненыя верай”, - адказаў ён. Трэцяе пытанне адносілася да паўсядзённага жыцця.

Адзін з наведавальнікаў запытаўся, як можна сумяшчаць глыбокае і пастаяннае малітоўнае жыццё з вялікай занятасцю, з патрабаваннямі працы, сям’і і свету? Паводле Бэнэдыкта XVI, трэба “ахвяроўваць усё, што робіш, Пану, прасіць Яго аб дапамозе ва ўсіх абставінах паўсядзённага жыцця і памятаць, што Ён заўсёды побач”.

Карыстальнікі “Твітэру” вельмі горача прынялі прысутнасць Святога Айца ў сацыяльнай сетцы. Кожны запіс Папы атрымлівае імгненна тысячы “рэтвітаў”. Толькі за ўчарашні дзень на мікраблогу Пантыфіка зарэгістравалася каля паўмільёна карыстальнікаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.