Іерарх: Нараджэнне Хрыстовае можна па-сапраўднаму зразумець з новай кнігай Папы
Бэнэдыкт XVI напісаў
сваю новую кнігу пра дзяцінства Езуса “добрай, лёгкай і зразумелай” мовай, лічыць
арцыбіскуп Зальцбургскі Алоіс Котгасэр. 12 снежня ў цэнтральнай кнігарні Зальцбурга
прайшла прэзентацыя апошняй часткі трылогіі Святога Айца аб зямным жыцці Езуса. У
гэтых трох кнігах Пантыфік выказаў усё тое, што на яго думку важна, заўважыў арцыбіскуп
Котгасэр. “Гэта ўражвае, наколькі выразнай мовай ён гэта робіць, і як захоплівае гэтым
чытача, задаючы яму пытанні”, - падзяліўся сваімі ўражаннямі ад кнігі іерарх.
У
новым томе Папа, з аднаго боку, паказвае Езуса як чалавека, з другога ж, ясна дае
зразумець, што Езус – гэта больш, чым чалавек – сам Сын Божы, заўважыў арцыбіскуп.
“Гэта кніга з’яўляецца ідэальным калядным падарункам”, - лічыць ён. Святы Айцец прапануе
шмат цытатаў з Новага Запавету, ён у вельмі жывой форме прадстаўляе дзяцінства Езуса.
Арцыбіскуп упэўнены, што сучасны чалавек атрымае магчымасць па-сапраўднаму зразумець
гісторыю Нараджэння Хрыстовага, прачытаўшы новую кнігу Бэнэдыкта XVI.