2012-12-13 09:37:08

Нотр-Дам дэ Пары святкуе сваё 850-годдзе


RealAudioMP3 Св. Імшой распачаліся 12 снежня святкаванні 850-годдзя асвячэння сабору Нотр-Дам дэ Пары ў сталіцы Францыі. 40 біскупаў і сотні святароў прынялі ўдзел у набажэнстве, якое ўзначаліў арцыбіскуп Парыжскі кардынал Андрэ Вэн-Труа. Упершыню пасля рэстаўрацыі загучаў Вялікі арган храма. У адкрыцці юбілейнага году, які працягнецца да 24 лістапада 2013 г., прынялі ўдзел французскія палітыкі, прадстаўнікі рэлігійнага і грамадскага жыцця. Юбілей адзначаецца пад патранажам Прэзідэнта Франсуа Аланда.

На працягу года ў саборы, які з’яўляецца самым наведвальным помнікам у Еўропе (сюды прыбывае штогод 14 млн. турыстаў), адбудуцца розныя мерапрыемствы. Перад храмам будзе адчынены так званы “Юбілейны шлях”. Ён будзе знаёміць з гісторыяй Нотр-Дам, яго архітэктурнай і мастацкай каштоўнасцю. У студзені Пошта Францыі выпусціць дзве юбілейныя паштовыя маркі. Сабор ужо атрымаў новыя званы, якія былі асвечаны ў сакавіку бягучага году перад Пальмовай нядзеляй. Акрамя таго, у супрацоўніцтве з муніцыпалітэтам Парыжа пройдуць шматлікія канцэрты, выставы і канферэнцыі.

Будаўніцтва Нотр-Дам пачалося ў 1163, пры Людовіку VII Французскім. Гісторыкі разыходзяцца ў меркаваннях аб тым, хто заклаў першы камень у яго падмурак – біскуп Марыс дэ Сюлі ці папа Аляксандр III. Галоўны алтар сабора асвяцілі ў маі 1182 г. У будаўніцтве храма прымала ўдзел шмат розных архітэктараў, пра што сведчаць адрозныя стылем і розныя па вышыні заходні бок і вежы. У ходзе Французскай рэвалюцыі, у канцы XVIII ст., сабор быў адабраны ў Касцёла і абвешчаны храмам розуму. Нотр-Дам вярнуў вернікам Напалеон і ён быў рэкансэкраваны ў 1802 г. У саборы захоўваецца адна з найвялікшых хрысціянскіх рэліквій – цярновы вянок Езуса Хрыста.







All the contents on this site are copyrighted ©.