2012-12-12 14:15:49

Святы Пасад: злоснае злоўжыванне з боку самазванага епіскапату Кітая


RealAudioMP3 “Сумным” назваў жэст “так званай Канферэнцыі Біскупаў Кітая”, якая “злоўжыла ўладай” звальняючы біскупа Тадэуса Ма Даквіна з пасады дапаможнага біскупа Шанхайскай архідыяцэзіі, сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў арцыбіскуп Савіа Хон Тай Фай. Ён пацвердзіў ранейшую інфармацыю СМІ. Ватыканскі іерарх нагадаў, што “Канферэнцыя” ніколі не была прызнана Святым Пасадам. Ніякі орган не мае паўнамоцтваў прызначаць або звальняць біскупа, тым больш не прызнаны Папам. Арцыбіскуп акрэсліў гэты выпадак, як злоснае злоўжыванне ўладай. “Таму, хто ўдзельнічаў у гэтым акце, прыйдзецца растлумачыць, чаму ён прынёс так шмат шкоды Касцёлу, яго адзінству, як у Кітаі, так і ў свеце”, - заявіў сакратар ватыканскай дыкастэрыі ў інтэрв’ю “AsiaNews”.

Біскуп Ма Даквін у дзень сакры 7 ліпеня бягучага году адмовіўся прымаць яе з рук біскупаў, якія не знаходзяцца ў лучнасці са Святым Пасадам. Ён таксама вырашыў выйсці з Патрыятычнай асацыяцыі кітайскіх католікаў, прынцыпы дзейнасці якой з’яўляюцца “несумяшчальнымі з каталіцкай дактрынай”, як напісаў Бэнэдыкт XVI у Пасланні да кітайскіх католікаў. Усё гэта прычынілася да рашэння залежнага ад уладаў епіскапату.

Ватыканскі іерарх прызнаўся, што падарожнічаючы па ўсім свеце, ён заклікае вернікаў маліцца за Касцёл у Кітаі, дзе хрысціяне пакутуюць ад адсутнасці свабоды. Ён заклікаў усіх узносіць малітвы таксама за біскупа Ма Даквіна, але і за біскупаў і святароў, якія былі кінуты ў кітайскія турмы і знаходзяцца там яшчэ сёння.

“Гэта насілле і жорсткае абыходжанне з рэлігійнай свабодай правакуе крытыку Кітая з боку міжнароднай супольнасці. Наша краіна, якая зрабіла настолькі вялікі крок у сучасным свеце, не заслугоўвае на тое, каб быць зняважанай такім чынам, з-за такога стылю”, - перакананы арцыбіскуп Хон Тай Фай, па паходжанні кітаец.







All the contents on this site are copyrighted ©.