2012-12-12 11:46:15

Мексіка падарыла Ватыкану ёлкі і яслі


RealAudioMP3 Мексіканскі штат Мічаакан падарыў Святому Пасаду дзве ёлкі і двое святочных ясляў. Яны будуць устаноўлены ў Зале Паўла VI, дзе адбываюцца сустрэчы Бэнэдыкта ХVI з вернікамі, і ў Ватыканскіх музеях. Пяты раз запар мексікансцы прывозяць ёлкі і яслі ў рамках ініцыятывы “Мексіканскія традыцыі Божага Нараджэння ў Ватыкане”. Сёлета ініцыятыва прымеркавана да 20-й гадавіны аднаўлення дыпламатычных адносін паміж Мексікай і Святым Пасадам, пасля 150-гадовага перапынку.

Ёлкі, вышынёй каля 6 метраў, упрыгожваюць 500 круглых шароў, выкананых уручную мексіканскімі рамеснікамі ў розных тэхніках. Круглыя, авальныя, у форме медальёна, яны адлюстроўваюць мексіканскія мастацкія і культурныя традыцыі. У афармленні ясляў прысутнічаюць традыцыйныя элементы адзення рэгіёна Мічаакан. Найсвяцейшая Панна Марыя і жанчыны апрануты ў традыцыйную мантылью, тыповае адзенне жыхароў Мексікі, св. Юзэф і мужчыны маюць на сабе кашулі і штаны з грубай тканіны, Тры Каралі апрануты ў касцюмы выканаўцаў традыцыйных мексіканскіх танцаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.