Бог не аддаляецца ад свету, не адсутнічае, не пакінуў нас
Бэнэдыкт XVI чарговы
раз звярнуўся да тэмы Божага Аб’яўлення і плану любові Бога адносна чалавека. 12 снежня
адбылася традыцыйная агульная аўдыенцыя з удзелам Папы. Разважаючы над фразай з Евангелля
паводле св. Марка: “Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае” (Мк 1, 15), Святы
Айцец нагадаў вернікам, што вяршыняй Божай любові з’яўляецца “адкрыццё Бога ў гісторыі”
праз таямніцу Хрыстовага Нараджэння. “Гісторыя – гэта не проста чарада стагоддзяў,
гадоў, дзён, гэта час прысутнасці, напоўненай сэнсам і цвёрдай надзеяй”, - адзначыў
Папа. Паводле яго, гэта немагчыма зразумець і прыняць без частага чытання і разважання
Бібліі. Стары Запавет падкрэслівае вернасць Бога і Яго прысутнасць у гісторыі, “як
бяспечнай і стабільнай асновы, на якой можна будаваць жыццё”, а новатэстамэнтальны
“Magnificat” Марыі з’яўляецца найвышэйшым прыкладам гісторыі збаўлення, нагадаў Пантыфік.
“Бог падтрымлівае веру ў свой план вызвалення і працягвае ажыццяўляць яго, так, што
чалавек можа распазнаць і служыць свайму Пану і рэагаваць з верай і любоўю на яго
дзейнасць”, - падзяліўся сваімі разважаннямі Святы Айцец.
“Бог адкрывае Сябе
не толькі ў першапачатковым акце стварэння, але і праз уваход у нашу гісторыю, у гісторыю
маленькага народу, што не быў ні буйным, ні моцным. І гэта Аб’яўленне Бога завяршаецца
ў Езусе Хрысце, Богу, Логасе, Стваральным слове, якое з’яўляецца крыніцай свету і
ўвасабляецца ў Езусе, дэманструючы сапраўдны твар Бога. У Езусе спаўняецца кожнае
абяцанне; у Ім знаходзіць сваю кульмінацыю гісторыя адносін Бога з чалавецтвам. Калі
мы чытаем гісторыю з двума вучнямі па дарозе ў Эмаус, апісаную ў св. Лукі, мы ясна
бачым, што асоба Хрыста асвятляе Стары Запавет, усё гісторыю збаўлення, і дэманструе
вялікае адзінства канструкцыі двух Запаветаў”, - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.
Святы
Айцец спаслаўся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які кажа, што Бог ад пачатку заклікаў
чалавека да блізкіх адносін з Ім, і нават тады, калі чалавек, з-за ўласнага непадпарадкавання,
страціў сваё сяброўства, Бог не кінуў яго ў пастку смерці, але прапанаваў шматразова
сваю блізкасць.
Бэнэдыкт XVI патлумачыў, што звярнуўся да этапаў гісторыі збаўлення,
каб дапамагчы вернікам не забыцца пра дзеянне Бога ў гісторыі чалавека, “каб паказаць
этапы вялікага плану любові, прадэманстраванага ў Старым і Новым Запаветах – адзінага
плану збаўлення ўсяго чалавецтва, які паступова адкрываўся і рэалізаваўся Божай моцай”.
“Гэта вельмі важна на шляху веры. Мы перажываем літургічны час Адвэнту, які рыхтуе
нас да Божага Нараджэння. Як мы ўсе ведаем, слова “Адвэнт” азначае “прышэсце”, “прысутнасць”,
і ў старажытнасці азначала прыбыццё караля ці імператара ў тую ці іншую вобласць.
Для нас, хрысціян, гэта паняцце азначае рэальнасць сапраўды выдатную і захапляючую:
Бог сышоў з неба і знізіўся да чалавека; ён заключыў з ім запавет, уступаючы ў гісторыю
аднаго народа. (...) Адвэнт запрашае нас рухацца па шляху гэтай прысутнасці і нагадвае
нам зноў і зноў, што Бог не аддаляецца ад свету, не адсутнічае, не пакінуў нас, але
прыходзіць да нас па-рознаму, і мы павінны навучыцца распазнаваць Яго”, - падкрэсліў
Папа.
На думку Бэнэдыкта XVI, менавіта хрысціяне, сваёй верай, надзеяй і
любоўю, пакліканы штодня заўважаць і сведчыць аб блізкай прысутнасці Бога і Яго ўдзеле
ў гісторыі чалавецтва, якое часта не цікавіцца Ім, і несці ў сучаснае жыццё святло,
“якое асвятляла Бэтлеемскую пячору”.