2012-12-12 09:56:38

Беларусь: запаліць свечку міласэрнасці


RealAudioMP3 У Беларусі праходзіць акцыя “Свечка Божага Нараджэння”. Справа, яна ўжо стала традыцыйнай, ахоплівае краіну напярэданні свята. Свечку, якую запальваюць на святочным стале, можна набыць зараз у кожнай парафіі. Але беларуская “Карытас” распаўсюджвае сваю адмысловую святочну свечку з сімволікай, купляючы якую вернікі могуць дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу – гэта анкалагічна хворыя дзеці, дзеці з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, паведаміў кс. Віктар Гайдукевіч, дырэктар “Нацыянальнага аб’яднання “Карытас”.

“У гэтым годзе “Карытас”, дзякуючы сваім намаганням і дапамозе дабрачынцаў, наладзіў уласную вытворчасць свечак. Мы хочам яе пашырыць. Вернікі добразычліва адгукнуліся на наш заклік купляць гэтыя свечкі і такім чынам прымаць удзел у дабрачыннасці”, - адзначыў святар.

Сродкі, атрыманыя ад продажу такіх свечак, пойдуць на арганізацыю дзіцячых святаў і салодкія падарункі. З кожным годам да акцыі далучаецца ўсё больш вернікаў, а значыць – усё большай колькасці дзяцей атрымоўваецца дапамагчы. Тысячы свечак – дзесяткі добрых спраў – так, з малых кропель можа выліцца цэлае мора дзіцячых усмешак. Тут важна памятаць і словы Езуса – тое, што зрабілі аднаму з меншых, Мне зрабілі.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.