2012-12-12 15:02:53

Асабісты сакратар Папы высока ацаніў кнігу для дзяцей


RealAudioMP3 “Яна мае 30 старонак і ўсё, што ў ёй напісана, гэта праўда”, - так арцыбіскуп намінант Георг Генсвайн, асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI, ахарактэрызаваў кнігу для дзяцей пад назвай “Таямніца невялікай сажалкі”, якую стварыла руская мастачка, працуючая ў Ватыкане, Наталля Царкова. 11 снежня іерарх прыняў удзел у прэзентацыі выдання ў рымскім універсітэце “Augustinianum”. “Усё напісанае ў кнізе, тое, што можна ў ёй убачыць, прыгожыя ілюстрацыі, распавядаюць аб прыродзе, аб асобе, аб стварэнні”, - адзначыў асабісты сакратар Папы. Ён звярнуў увагу, што аўтар апісала месца, у якім адбываюцца сустрэчы Бэнэдыкта ХVI з прыродай. “Ні для каго не сакрэт, што наш Папа любіць тварэнні прыроды, і чым меншыя яны, тым больш ён іх любіць”, - прызнаўся арцыбіскуп Генсвайн.

Іерарх адзначыў, што ў сажалцы, якая знаходзіца перад фігурай Маці Божай ў летняй рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў у Кастэль-Гандольфа, можна лепш пазнаць душу Святога Айца. “Мы бачым, што Папа звяртае вялікую ўвагу на маленькія тварэнні, якія самі па сабе нічога не значаць”, - адзначыў асабісты сакратар Бэнэдыкта ХVI. Аўтар дзіцячай кнігі цудоўна адлюстравала гэты момант, калі Папа забываецца пра ўсё і застаецца толькі з імі.

Іерарх рэкамендуе бацькам чытаць гэту кнігу сваім дзецям, каб такім чынам маленькія вернікі змаглі раскрыць таямніцу служэння Папы. Яны змогуць даведацца, што Святы Айцец з’яўляецца вялікім тэолагам, мае выключны інтэлект і вельмі лагодную душу. На думку асабістага сакратар Папы, усё гэта Наталлі Царковай удалося цудоўна перадаць у сваёй ілюстраванай кнізе.








All the contents on this site are copyrighted ©.