2012-12-11 12:12:34

Усе епіскапаты Азіі сабраліся разам


RealAudioMP3 Біскупы з усёй Азіі з’ехаліся ў В’етнам. 10 снежня ў Ксан Лок пачала свае працы Х Пленарная асамблея Федэрацыі Біскупскіх Канферэнцый Азіі. Яе ўдзельнікі спрабуюць вызначыць, якім чынам Касцёлы азіяцкіх краін павінны і могуць адказаць на выклікі, якія стаяць перад імі. Тэма форуму сцісла звязана з заклікам Святога Айца да новай евангелізацыі. У мерапрыемстве прымае ўдзел больш за 100 дэлегатаў. Як госці, запрошаны прадстаўнікі іншых рэлігій. Бэнэдыкт ХVI таксама скіраваў свайго спецыяльнага пасланніка, арцыбіскупа Манілы на пенсіі, кардынала Гаўдэнсіа Расалеса.

На думку арцыбіскупа Томаса Менампарампіла, які адказвае ў Федэрацыі за новую евангелізацыю, хрысціяне Азіі павінны стаць іконай любові Бога да народаў гэтага кантынента. “Евангелізацыя не з’яўляецца адной з форм выбарчай кампаніі, рэкламы, ці ідэалагічнай прапаганды. (...) Яна не з’яўляецца таксама пагрозай для культурнай спадчыны азіяцкіх народаў, іх ідэнтычнасці і традыцый”, - заявіў ён.

Арцыбіскуп паведаміў, што народы Азіі не жывуць у секулярызаваным свеце, як адбываецца ў выпадку Еўропы. Яны з’яўляюцца часткай грамадстваў, якія сур’ёзна ставяцца да рэлігіі. “Мы павінны змагацца не супраць бязбожнасці, але супраць злоўжывання рэлігіяй у палітычных мэтах”, - прызнаўся іерарх. На яго думку, заданнем святароў не з’яўляецца нясенне веры ў сэрцы людзей, яна ўжо ў іх ёсць, але абвяшчэнне Езуса Хрыста як Шляху, Праўды і Жыцця. “Каб зрабіць гэта, мы павінны быць людзьмі глыбокай веры. Мы хочам глыбіні ў навяртанні, глыбіні ў адносінах з іншымі, глыбіні ў разуменні Слова Божага і глыбіні ў адносінах з Богам”, - сказаў арцыбіскуп Томас Менампарампіл.








All the contents on this site are copyrighted ©.