2012-12-11 11:05:13

Святы Пасад: дабрачынныя арганізацыі павінны быць больш каталіцкімі


RealAudioMP3 Каталіцкія дабрачынныя арганізацыі будуць у будучыні больш шчыльна ўзаемадзейнічаць з дыяцэзіяльнымі біскупамі. Адпаведнае папскае рашэнне ўступіла ў сілу 10 снежня. Апублікаваны 1 снежня дэкрэт пад назвай “Праз службу любові”, мае на мэце ўзмоцніць каталіцкі профіль касцёльных або звязаных з Касцёлам устаноў. На самой справе, новыя правілы прынясуць толькі нязначныя змены. Большасць элементаў, згаданых у дэкрэце, ужо ўключаны ў дзейнасць дабрачынных структур і рэалізуюцца на практыцы, заявіў сакратар Папскай рады “Cor Unum” Джампьетра Дал Тоза. Ватыканская дыкастэрыя адказвае з боку Святога Пасаду за ўвядзенне ў жыццё новых палажэнняў на ўзроўні Паўсюднага Касцёла.

Прадстаўнікі самых буйных дабрачынных арганізацый у свеце станоўча адазваліся аб новаўвядзеннях. Кіраўнік аўстрыйскай “Caritas” Франц Кюбэрл падкрэсліў, што дзевяць мясцовых дыяцэзіяльных арганізацый і галаўны офіс у Вене ўжо зараз працуюць згодна з новымі нормамі. Старшыня нямецкай асацыяцыі “Caritas” Пітэр Нэер, павітаў новыя правілы, як “важнае ўдакладненне” і “умацаванне на адзіным шляху”.

На думку кс. прэлата Дал Тоза , тым не менш, менавіта для дабрачынных арганізацый нямецкамоўных краін новыя правілы з’яўляюцца заахвочаннем да больш моцнага акцэнтавання іх каталіцкага профілю. Таму, на яго думку, у кожнай дыяцэзіі павінен быць створаны орган, які будзе каардынаваць дзейнасць усіх мясцовых каталіцкіх дабрачынных структур і спрыяць іх каталіцкаму характару.







All the contents on this site are copyrighted ©.