2012-12-11 11:34:21

Кардынал Кох: адзінства Касцёла не з’яўляецца ілюзіяй


RealAudioMP3 Адзінства паслядоўнікаў Хрыста, за якое маліўся Ён сам, не можа разглядацца, нават у наймешнай ступені, як нейкая ілюзія, лічыць кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Іерарх 10 снежня прыняў удзел у канферэнцыі ў Папскім латэранскім універсітэце на тэму: “Адзінства – ілюзія ці абяцанне?”. У сваім выступленні ватыканскі іерарх звярнуў увагу на цяжкасці на шляху да адзінства. Паводле яго, часам самі хрысціяне лічаць, што любыя пошукі адзінства, нават праз экуменічны дыялог, з’яўляюцца падазронымі, а само адзінства разглядаецца некаторымі з іх, як талерантнае прызнанне разнастайнасцяў, што, на думку прыхільнікаў гэтай ідэі, ужо дасягнута, звярнуў увагу кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі.

Для кардынала Коха асноўная праблема экуменічнага руху заключаецца ў занядбанні яго мэты ў апошнія дзесяцігоддзі, перш за ўсё з боку некаторых Цэркваў і супольнасцяў, якія выйшлі з Рэфармацыі. “Мы паступова адышлі ад першапачатковай мэты бачнага адзінства ў агульнай веры, у сакрамэнтах і касцёльным служэнні, на карысць пастулату ўзаемнага прызнання разнастайных супольнасцяў як Касцёлаў, і, што з гэтым звязана, як часткі адзінага Касцёла Езуса Хрыста”, - звярнуў увагу кардынал Кох. Ён нагадаў, што бачнае адзінства Касцёла не можа быць простай сумай розных супольнасцяў. Для Каталіцкага Касцёла, удакладніў іерарх, “арыгінальнай мадэллю” экуменічнага адзінства з’яўляецца Найсвяцейшая Тройца.

На заканчэнне старшыня Папскай рады нагадаў словы кардынала Ратцынгера, які ў свой час сказаў, што “сапраўднай мэтай экуменізму з’яўляецца ператварэнне шматлікасці канфесійных Цэркваў, аддзеленых ад сябе, у шматлікасць мясцовых Касцёлаў, якія, маючы фармальныя адрозненні, з’яўляюцца па-сапраўднаму адзіным Касцёлам”.








All the contents on this site are copyrighted ©.