Бэнэдыкт ХVI: Хрыстус – гэта вырашальная сіла, якая змяняе свет
9 снежня св. Імшой
у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане пачаўся міжнародны кангрэс, прысвечаны праблемам і
выклікам, якія стаяць перад Касцёлам у краінах Амерыкі. Форум праходзіць у 15-ю гадавіну
спецыяльнай асамблеі Сіноду Біскупаў, прысвечанай гэтаму кантыненту. Сустрэча “Ecclesia
in America” адбываецца па ініцыятыве Папскай Камісіі па справах Лацінскай Амерыкі
ў супрацоўніцтве з адной з самых буйных у свеце арганізацый свецкіх вернікаў “Рыцары
Калумба”. На заканчэнне св. Імшы ў ватыканскай базыліцы да ўдзельнікаў асамблеі звярнуўся
асабіста Бэнэдыкт ХVI. У сваёй прамове Святы Айцец нагадаў аб шматлікіх выкліках,
якія стаяць перад Касцёлам у краінах Амерыкі. Сярод такіх: секулярызацыя, павелічэнне
колькасці розных рэлігійных груп, распаўсюджанне менталітэту, пагражаючага годнасці
чалавека, праблемы сужэнства. Пантыфік нагадаў аб драматычнай сітуацыі мігрантаў,
насіллі, гандлі наркотыкамі і зброяй, карупцыі, беднасці, да якой прыводзяць “сумнеўныя”
эканамічныя, палітычныя і грамадскія сістэмы.
“Усё гэта патрабуе ўважлівага
вывучэння і прафесійнай ацэнкі, але Каталіцкі Касцёл ведае, што “адэкватнае рашэнне”
можна атрымаць толькі ад Хрыста, - адзначыў Папа. “Сустрэча з жывым Хрыстом, што дае
жыццё і спрыяе ўчынкам, у аснове якіх ляжыць любоў і праўда, з’яўляецца фактарам,
які пераменіць амерыканскі кантынент”, - заявіў з упэўненасцю Святы Айцец. У гэтым
працэсе, паводле Бэнэдыкта ХVI, асноўную ролю павінна граць “унутранае жыццё” сучасных
евангелізатараў, пабудаванае на шчырых адносінах з Хрыстом. Толькі адпаведная катэхеза
і пастаянная фармацыя, верная Божаму Слову і навучанню Касцёла, зможа адказаць на
найбольш глыбокія пытанні і імкненні чалавечага сэрца, - перакананы Бэнэдыкт ХVI.
Кангрэс
“Ecclesia in America” працягне свае працы да 12 снежня.