2012-12-09 12:18:24

Папа перад “Анёл Панскі”: Ян Хрысціцель вучыць нас жыць цэнячы істотнае (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Постаці св. Яна Хрысціцеля прысвяціў свае разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” 9 снежня Бэнэдыкт XVI. Святы Айцец заўважыў, што менавіта апошні прарок Старога Запавету дае прыклад вернікам новатэстамэнтальнай эпохі, якім чынам трэба будаваць свае адносіны з Богам і шукаць і знаходзіць сваё месца ў гісторыі збаўлення. Тут, паводле Папы, галоўную ролю грае евангельская пакора, настаўнікам якой і з’яўляецца для сучасных хрысціянаў св. Ян Хрысціцель. “У час Адвэнту літургія звяртае ўвагу, між іншымі, на дзве постаці, якія рыхтуюць прышэсце Месіі – Панну Марыю і Яна Хрысціцеля. - заўважыў Бэнэдыкт XVI - Сёння св. Лука прадстаўляе апошняга, і робіць гэта з па-іншаму, чым астатнія евангелісты. “Усе чатыры Евангеллі перад пачаткам служэння Езуса прадстаўляюць постаць Яна Хрысціцеля, у якасці папярэдніка Хрыста. Св. Лука звяртаецца да сувязі паміж гэтымі двума постацямі і іх місіямі... Ужо ў зачацці і нараджэнні Езус і Ян уступаюць у адносіны адзін з адным” (L’infanzia di Gesù, 23). Такі падыход дапамагае зразумець, што Ян, як сын Захарыі і Альжбеты, патомак святарскай сям’і, не толькі з’яўляецца апошнім з прарокаў, але і ўяўляе сабой цэлае святарства Старога Запавету, і таму рыхтуе людзей да духоўнага культу Новага Запавету, якому паклаў пачатак Езус (L’infanzia di Gesù, 27-28). Лука таксама рассейвае любыя міфічныя высновы, якія часта робяцца з Евангелляў, і праддстаўляе гістарычным чынам жыццё Яна Хрысціцеля: “У пятнаццаты год панавання Тыберыя цэзара, калі Понцій Пілат панаваў у Юдэі... пры першасвятарах Анне і Каяфе” (Лк 3, 1-2). У гэтым гістарычным кантэксце і адбываецца сапраўды грандыёзная падзея, нараджэнне Хрыста, якое Яго сучаснікі нават не заўважаць. Для Бога вялікія гістарычныя персанажы ўтвараюць толькі фон для малых!

Ян Хрысціцель называе сябе “голасам таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану” (Лк 3, 4). Голас абвяшчае слова, але ў дадзеным выпадку Божае слова было першым, яно існуе само ў сабе і зыходзіць на Яна, сына Захарыі, у пустыні (пар. Лк 3, 2). Апошні грае вялікую ролю, але заўсёды ў адносінах з Хрыстом. Св. Аўгустын кажа: “Ян – гэта голас. Бо Пан кажа: “Спачатку было Слова” (Ян 1,1). Ян з’яўляецца голасам, які разносіцца, а Хрыстус – гэта вечнае Слова якое было ад пачатку. Калі голас пазбавіць слова, то што застанецца? Слабы гук. Голас без слова ўдарае слых, а не сэрца” (Прамова 293, 3).

Наша мэта – даць сёння магчымасць слухаць гэты голас, каб даць прастору і гасціну для Езуса ў сэрцы, Слова, якое нас збаўляе. У гэты час Адвэнту, мы рыхтуемся да таго, каб паглядзець вачыма веры на сціпласць Бэтлеемскага гроту – на Божае збаўленне (пар. Лк 3,6). У спажывецкім грамадстве, калі многія людзі шукаюць радасці ў матэрыяльных рэчах, Ян Хрысціцель вучыць нас жыць цэнячы істотнае, каб перажыць Божае Нараджэнне не толькі знешне, але як свята Божага Сына, які прыйшоў, каб прынесці людзям мір, жыццё і сапраўдную радасць.

Матчынаму заступніцтву Марыі, Панны Адвэнту, даверым наш шлях да Пана, Які набліжаецца, каб быць гатовымі прыняць, у сэрца і ўсё жыццё, Эмануэля, Бога-з-намі”, - сказаў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец, звяртаючыся да пілігрымаў на розных мовах, запрасіў іх у час Адвэнту звярнуць увагу на тых, хто знаходзіцца побач, асабліва на людзей патрабуючых. Папа падкрэсліў, што аднымі з такіх асоб з’яўляюцца эмігранты, якія былі вымушаны адправіцца ў шлях, “пакідаючы свой ​​рэгіён, па розных прычынах, у тым ліку з-за вайны або беднасці”. “Мігранты ведаюць, што такое няўстойлівасць і незразуменне. Няхай яны будуць прыняты і маюць годнае жыццё!”, - заклікаў Бэнэдыкт XVI. Святы Айцец запрасіў хрысціян у рамках падрыхтоўкі да Нараджэння Хрыстовага, быць брацкімі і салідарнымі з гэтай групай асоб.







All the contents on this site are copyrighted ©.