Мітрапаліт Кандрусевіч пра фінансавы крызіс і сусветны ўрад
5 снежня ў Ватыкане
завяршылася пленарнае пасяджэнне Папскай рады “Iustitia et Pax”, у якім прымаў удзел
арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, як адзін з двух іерархаў, прадстаўляючых у Радзе Усходнюю
Еўропу. У інтэрв’ю нашай рэдакцыі ён падзяліўся падрабязнасцямі працы форуму і выказаў
свае меркаванні наконт сучасных грамадскіх і палітычных выклікаў, на якія павінен
адказаць сёння Каталіцкі Касцёл. Мітрапаліт нагадаў, што ўжо ў другі раз Святы Айцец
прызначае яго членам Папскай рады “Iustitia et Pax”, таму ён меў магчымасць сачыць
за сучаснымі сусветнымі тэндэнцыямі і адказам на іх з боку Касцёла, так бы мовіць,
знутры. Менавіта адказ на сучасныя выклікі з пункту гледжання евангельскіх каштоўнасцяў
і сацыяльнага навучання, з’яўляецца мэтай дзейнасці Рады, нагадаў арцыбіскуп. А іх
спіс вельмі доўгі: гэта і эканамічны крызіс, і праблемы сям’і, і праблемы выхавання
маладога чалавека, войны, тэрарызм.
Удзельнікі пасяджэння адзначылі, што “не
гледзячы на тое, што так шмат зроблена для падтрымання міру ў свеце – яго ў свеце
няма, і гэта павінны прызнаць усе”, - заўважыў іерарх. “Таксама шмат зроблена для
свабоды веравызнання, але многія краіны, асабліва афрыканскія і азіяцкія, павінны
прайсці доўгі шлях да яе”, - дадаў ён. Не засталося без увагі пытанне фінансавага
крызісу і выхаду з яго. Усе пагадзіліся, што трэба распачаць ад барацьбы з “духоўным
крызісам чалавечага сэрца”. Бо крызіс, як аказалася, сцісла звязаны з існаваннем карупцыі,
якая з’яўляецца перш за ўсё вынікам немаральных паводзін.
“Навінкай стала
для мяне інфармацыя аб спробах стварэння сусветнага ўраду”, - адзначыў Мітрапаліт
Кандрусевіч. Паводле яго, Папская рада спрабавала даць сваю ацэнку таксама і гэтай
з’яве з пункту гледжання сацыяльнага навучання Касцёла. “Тут трэба адказаць на пытанні:
чаго аўтары гэтай ідэі хочуць дабіцца, хто дакладна прадстаўляе гэту ўладу?”, - падзяліўся
агульным занепакоеннем удзельнікаў пасяджэння іерарх з Беларусі.
Паводле Мітрапаліта,
у вырашэнні турбуючых свет пытанняў можа дапамагчы супрацоўніцтва паміж хрысціянамі.
Бо праблемы ў нас адны і тыя ж, і адказу на іх трэба шукаць у евангельскім навучанні,
агульным для ўсіх паслядоўнікаў Хрыста.