Прадстаўнік Святога Пасаду: стварэнне мікраблогу ў “Твітэры” – “стрэл у дзясятку”
Па прашэсці 24 гадзін
пасля адкрыцця мікраблогу Бэнэдыкта XVI на “Твітэры” толькі на англійскай версіі зарэгістравалася
350 тыс. асоб. Сотні тысяч карыстальнікаў далучыліся да профілю у 7-мі іншых моўных
версіях. Кс. Фэдэрыка Ламбардзі не здзіўлены такой высокай актыўнасцю, бо гэта ініцыятыва,
на яго думку, патрапіла “у дзясятку” і стала сведчаннем здольнасці Святога Айца і
яго супрацоўнікаў рэагаваць на “новыя павевы”. Кіраўнік Залы Друку перакананы, што
лічбавая прастора, якую часта атаясамліваюць з павярхоўнасцю, можа стаць месцам “глыбокай
сустрэчы, абмену ідэямі, пачуццямі, сэрцам і розумам”.
Кс. Ламбардзі, у інтэрв’ю
нашаму радыё, нагадаў пра неаднаразовыя заклікі Святога Айца да евангелізацыі “лічбавага
кантыненту” і яго ініцыятывы з гэтым звязаныя. Ужо шмат часу дзейнічае канал Бэнэдыкта
XVI на “YouTube” і профіль на “Facebook”. Вядома, адзначыў кс. Ламбардзі, прысутнасць
Папы на “Твітэры” – “гэта пасланне да ўсіх”. Кіраўнік Касцёла даў прыклад і “зрабіў
запрашэнне ўсім узяць на сябе адказнасць за гэта новае вымярэнне камунікацыі”. На
думку прадстаўніка Святога Пасаду, Папа мае свядомасць, што з’яўляецца кіраўніком
вялікай супольнасці, якая павінна быць “камунікатыўнай і інтэрактыўнай з усімі людзьмі,
што шукаюць, у каго ёсць пытанні”. Твітэр-мікраблог Святога Айца, гэта, паводле кс.
Ламбардзі, камунікацыя ў двух напрамках, гэта своеасаблівы дыялог паміж Папам і светам.
Кіраўнік Залы Друку прызнаўся, што дазволам на стварэнне мікраблогу, Святы
Айцец выказаў давер сваім супрацоўнікаў, якія звярнуліся з такой ініцыятывай. Бэнэдыкт
XVI чарговы раз засведчыў сваё супрацоўніцтва, давяраючы нам сваё слова, бо “яно ўпісваецца
ў вялікі дыялог з сучасным светам”, не гледзячы на тое, што сам Папа не з’яўляецца
“патомкам лічбавай эпохі”, адзначыў кс. Ламбардзі.