2012-12-04 14:44:35

Кардынал Уэлле: Касцёл зацікаўлены новай евангелізацыяй у Амерыцы


RealAudioMP3 “Вырашэнне агульных праблем і выклікаў, якія стаяць перад Касцёлам у краінах абедзьвух Амерык і ўмацаванне ўзаемных адносін і супрацоўніцтва паміж католікамі” стаяць у цэнтры ўвагі Міжнароднага кангрэсу “Ecclesia in America”, які 9-12 снежня пройдзе ў Ватыкане , паведаміў кардынал Марк Уэлле, старшыня Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі. Дзелячыся падрабязнасцямі правядзення форуму, іерарх адзначыў, што хрысціянскія каштоўнасці ў гэтым рэгіёне свету церпяць крызіс “з-за працэсаў секулярызацыі і ўплыву глабальнай культуры, якая становіцца ўсё больш далёкай і варожай” да хрысціян.

Іерарх нагадаў, што падчас Кангрэсу яго ўдзельнікі абмяркуюць змест і значэнне адгартацыі “Ecclesia in America”, каб вырашыць, якім чынам можна ўмацаваць узаемныя адносіны і супрацоўніцтва паміж Касцёлам у Паўночнай і Паўднёвай Амерыках для супольнага адказу на праблемы і выклікі, такія як: эміграцыя, гандаль наркотыкамі, пашырэнне насілля, асабліва сярод моладзі. Таксама “культура жыцця і інстытут сям’і церпяць сур’ёзныя нападкі ва ўсіх краінах Амерыкі”, - адзначыў кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі. Ён нагадаў, што Каталіцкі Касцёл імкнецца ўсімі магчымымі спосабамі спрыяць абароне і падтрымцы рэлігійнай свабоды. Усё гэта, паводле ватыканскага іерарха, трэба разглядаць у кантэксце новых эканамічных, палітычных і культурных адносін паміж ЗША, Канадай і лацінаамерыканскімі краінамі, якія скіраваны на пошук дыялогу і ўзаемаразумення.

На думку кардынала, для вырашэння гэтых праблем у святле місійнай дзейнасці Касцёла, трэба ўмацаваць адзінства ўнутры мясцовых Касцёлаў абедзьвюх Амерык і паміж імі. “Без сапраўднага і моцнага адзінства не можна весці місійную або сацыяльную дзейнасць”, - упэўнены іерарх.

Кардынал Уэлле адзначыў, што правядзенне Кангрэсу ў Ватыкане, невыпадковае. Такім чынам, Касцёл Паўночнай і Паўднёвай Амерык, да якога належыць больш за 50% католікаў свету, хоча прадэманстраваць вернасць і адданасць Наступніку св. Пятра, першаму сведку і гаранту камуніі і адзінства.








All the contents on this site are copyrighted ©.