Ватыкан: форум на тэму новай евангелізацыі ў Амерыцы
Пытанні новай евангелізацыі
на амерыканскіх кантынентах абмяркуюць у Ватыкане. 9-12 снежня тут пройдзе міжнародны
кангрэс на тэму “Ecclesia in America”. Яго ініцыятарамі з’яўляецца Папская Камісія
па справах Лацінскай Амерыкі і адна з самых буйных у свеце арганізацыі свецкіх вернікаў
“Рыцары Калумба”. У форуме прымуць удзел прадстаўнікі Касцёла з краін як Паўднёвай,
так і Паўночнай Амерыкі. Яны, у перспектыве новай евангелізацыі і Года веры паразважаюць
над зместам апостальскай адгартацыі “Ecclesia in America”, якую ў 1999 г. апублікаваў
бл. Ян Павел ІІ. Акрамя таго удзельнікі кангрэса паразважаюць над выклікамі для хрысціянскай
сям’і, аб годнасці жанчын і праблемах будучыні маладых пакаленняў амерыканцаў. Імі
будуць супольна абмеркаваны душпастрыскія, місійныя і культурныя ініцыятвы. Паводле
арганізатараў сустрэчы, мерапрыемства павінна паспрыяць больш сяброўскім адносінам,
братэрству і супрацоўніцтву паміж католікамі амерыканскіх кантынентаў.
Адкрыецца
форум св. Імшой у базыліцы св. Пятра, якую узначаліць кардынал Марк Уэлле, старшыня
Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі. Яго удзельнікі будуць мець магчымасць
памаліцца ў Ватыканскіх садах, а таксама сустрэцца з Бэнэдыктам XVI, які прыме іх
на аўдыенцыі 12 снежня.