2012-12-01 11:24:05

Папа і Канстантынопальскі Патрыярх: працягваць экуменічны шлях


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI і Барталамей І падкрэслілі важнасць братэрскіх адносін паміж католікам і праваслаўнымі. Папа павіншаваў Канстантынопальскага Патрыярха са святам св. Андрэя, якое адзначалася 30 лістапада. У сваім пасланні Святы Айцец падкрэсліў, што адзінства паміж хрысціянамі, павінна будавацца “не на чалавечых поглядах”, а “на супольнай веры ў Езуса Хрыста”. Паводле Папы, на гэтым фундаменце магчыма вяртанне да поўнага адзінства, але шлях да яго “яшчэ доўгі і цяжкі”. Акрамя таго, Пантыфік падкрэсліў, што “поўная еднасць гэта дар Бога”, які “можа ўчыніць невымерна больш за тое, аб чым мы просім або разумеем”, - падкрэсліў Бэнэдыкт ХVI.

У сваю чаргу Патрыярх Барталамей І, падчас святочнай літургіі ў царкве св. Андрэя, узгадаў аб ІІ Ватыканскім Саборы, які назваў “паваротным момантам у адносінах паміж католікамі і праваслаўнымі”. Паводле іерарха, нягледзячы на цяжкасці ў адносінах якія існуюць і цяпер, экуменічны шлях з’яўляецца “незваротным”.

Патрыярх заклікаў, каб падчас дыялогу паміж прадстаўнікамі абодвух канфесій большая ўвага была нададзена таму, што аб’ядноўвае, чым таму, што дзеліць. У сувязі з гэтым праваслаўны іерарх прапанаваў ажыцяўляць больш частыя кантакты і абмен думкамі паміж кіраўнікамі абодвух Цэркваў з мэтай пераадолець існуючы недавер. “Мы павінны перамагчы перашкоды мінулага перыяду, каб дасягнуць поўнага адзінства паміж нашымі канфесіямі”, - сказаў Патрыярх Барталамей І.








All the contents on this site are copyrighted ©.