Новы дакумент Папы аб адказнасці біскупаў за дабрачынную дзейнасць у Касцёле
Абавязкам каталіцкіх
біскупаў у сферы дабрачыннай дзейнасці Касцёла, прысвяціў свой новы дакумент Бэнэдыкт
XVI. Ён быў апублікаваны 1 снежня у форме “Motu proprio” пад назвай “Intima Ecclesia
natura” – “Унутраная натура Касцёла”. Ад самага пачатку свайго Пантыфіката Бэнэдыкт
XVI указваў на тое, што любоў – гэта галоўны шлях, якім можна паказаць свету прыроду
Касцёла, таму дабрачынная дзейнасць тут грае вельмі важную ролю. У дакуменце апублікаваным
сёння, Папа даў некаторыя указанні, якімі павінны кіравацца дабрачынныя ўстановы арганізаваныя
касцёльнымі ўладамі, інстытутамі кансэкраванага жыцця і таварыствамі апостальскага
жыцця, а таксама тыя, якія паўсталі па ініцыятыве вернікаў.
Папа падкрэсліў,
што дабрачынная дзейнасць, як і абвяшчэнне Божага Слова і цэлебрацыя сакрамэнтаў,
павінна адбывацца пад наглядам біскупа. Таму дакумент “Унутраная прырода Касцёла”
у большай частцы прысвечаны менавіта адказнасці біскупаў ў гэтай сферы. Сярод заданняў
каталіцкіх іерархаў адзначаецца неабходнасць сачыць за дзейнасцю дабрачынных арганізацыі,
якія ім кананічна падпарадкоўваюцца ці дзейнічаюць у Касцёле. Акрамя таго, Папа заклікаў
біскупаў клапаціцца аб каталіцкай ідэнтычнасці гэтых арганізацый і аб тым, каб іх
дзейнасць не супярэчыла навучанню Касцёла. Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць тэалагічнай
і душпастырскай падрыхтоўцы персанала і таго, каб каталіцкія дабрачынныя арганізацыі
дзейнічалі ў адпаведнасці з грамадзянскімі законамі. “Дзе неабходна біскуп павінен
спрыяць дабрачынным ініцыятывам у супрацоўніцтве з іншымі Цэрквамі ці рэлігійнымі
супольнасцямі”, - напісаў Папа. Указанні Бэнэдыкта XVI сабраныя ў дакуменце “Унутраная
прырода Касцёла” увойдуць у сілу, пасля іх публікацыі ў ватыканскай газеце “L’Osservatore
Romano” 10 снежня 2012 г.