2012-11-29 10:57:35

Арцыбіскуп Мюлер аб укладзе маладога кс. Ёзэфа Ратцынгера ў працу апошняга Сабору


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, падзяліўся цікавымі падрабязнасцямі аб укладзе яшчэ маладога кс. Ёзэфа Ратцынгера ў працу ІІ Ватыканскага Сабору. Будучы Папа прымаў у ім удзел спачатку ў якасці дарадчыка арцыбіскупа Кёльнскага кардынала Ёзэфа Фрынгса, а потым, самастойнага эксперта ў некалькіх камісіях. На старонках сённяшняга “L’Osservatore Romano” арцыбіскуп Мюлер распавёў аб пачатку супрацоўніцтва паміж 35-гадовым прафесарам Бонскага універсітэта кс. Ратцынгерам і арцыбіскупам Кёльнскім. Яно пачалося незадоўга да адкрыцця Сабору, у 1961 г. Кардынал Фрынгс рыхтаваўся да тэалагічнай канфэрэнцыі ў Жэневе і папрасіў Ратцынгера падрыхтаваць яму тэкст даклада. Тэкст маладога тэолага кардынал пакінуў амаль без зменаў, за выключэннем фінальнай часткі. Пасля канферэнцыі яго змест стаў вядомы Яну ХХІІІ, які пахваліў кардынала Фрынгса. Апошні, у сваю чаргу, шчыра прызнаўся, што тэкст падрыхтаваў не ён сам, а малады тэолаг з Бона. На гэта Пантыфік заўважыў, што вельмі важна мець побач добрых дарадчыкаў. З таго часу, кардынал Фрынгс пачаў асабліва падрабязна вывучаць тэалагічныя тэксты Ёзэфа Ратцынгера і прызначыў яго сваім асабістым дарадчыкам, а потым адправіўся з ім на ІІ Ватыканскі Сабор.

Падчас Сабору Ратцынгер падрыхтаваў вялікую колькасць тэкстаў, агучаных кардыналам Фрынгсам і ім самім, а таксама быў аўтарам шматлікіх прапаноў адносна зменаў у саборных дакументах. Арцыбіскуп Мюлер падкрэсліў, што ў аснове ўсіх 19 саборных выступленняў кардынала Фрынгса ляжаць тэксты Ратцынгера. Акрамя таго, цяперашні прэфект Кангрэгацыі Веравучэння адзначыў, што Ёзэф Ратцынгер, у якасці незалежнага эксперта, зрабіў вялікі ўклад у распрацоўку саборных дакументаў аб Касцёле, аб Аб’яўленні, а таксама дэкрэту аб місіянерскай дзейнасці.

Напрацоўкі будучага Папы былі апублікаваны ў 7-м томе поўнага збору твораў Ёзэфа Ратцынгера – папы Бэнэдыкта XVI, прэзентацыя якога адбылася 28 лістапада 2013 г. у Рыме. На думку арцыбіскупа Мюлера, гэта выданне з’яўляецца каштоўнай прыладай для разумення і інтэрпрытацыі ІІ Ватыканскага Сабору.








All the contents on this site are copyrighted ©.