2012-11-28 13:27:17

Новы кіраўнік ватыканскай структуры: сапраўдная творчасць звязана з традыцыяй


RealAudioMP3 Бэнэдыктынскі абат Майкл Зялінскі на гэтым тыдні быў прызначаны Бэнэдыктам XVI кіраўніком новага аддзелу па літургічным мастацтве ў Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Яго прызначэнне звязана з рэструктурызацыяй ватыканскай дыкастэрыі, якая адбылася ў сярэдзіне лістапада. Праца новай структуры, якую ўзначаліў айцец Зялінскі, будзе сканцэнтравана на мастацтве, архітэктуры і літургічнай музыцы.

Бэнэдыктынец працуе ў Рыме з 2007 г., калі быў прызначаныа віцэ-старшынёй Папскіх камісій па культурнай спадчыне Касцёла і сакральнай археалогіі. Яго цяперашняя роля будзе ўключаць у сябе забеспячэнне таго, каб дырэктывы дакументу ІІ Ватыканскага Сабору аб літургіі “Sacrosanctum Concilium” добрасумленна ўводзіліся ў жыццё.

У 2008 г., у інтэрв’ю “L’Osservatore Romano”, бэнэдыктынец выказаў некаторыя думкі аб музычнай спадчыне Касцёла. Ён прапанаваў пачаць аднаўленне Традыцыі Касцёла з грыгарыянскага харалу, які нясе ў сабе “сэнс каталіцтва”. У іншым артыкуле для навуковага часопісу ў 2010 г. абат са шкадаваннем пісаў, што “у апошнія дзесяцігоддзі, вялікая частка культурнай спадчыны Касцёла (...) апынулася пад пагрозай ідэалогіі навізны”, якая адвяргае глыбокую павагу да традыцый, з якімі звязана сапраўдная творчасць. Айцец Зялінскі лічыць, што “збядненне” касцёльных абрадаў ставіць пад пагрозу “саму сустрэчу з увасобленым Панам”. Ён перакананы, што, каб рухацца наперад, трэба абапірацца на асновы, закладзеныя нашымі продкамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.