Бэнэдыкт ХVI сустрэнецца са служачымі цыркаў і лунапаркаў
З 30 лістапада па
1 снежня больш за 10 тыс. служачых лунапаркаў і цыркаў з ўсяго свету будуць знаходзіцца
з пілігрымкай ў Рыме. Яна пройдзе ў рамках Года веры і 25-годдзя заснавання бл. Янам
Паўлам ІІ фонду “Migrantes”. 1 снежня з пілігрымамі-цыркачамі сустрэнецца Бэнэдыкт
ХVI. “Гэта ініцыятыва нарадзілася з жадання тых, хто працуе і жыве ў цыркавым свеце,
знайсці новы энтузіязм каля магілы св. Пятра, а таксама аднавіць вернасць Папе”, -
сказаў у інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” кардынал Антоніа Марыя Вэльё. Паводле старшыні
Папскай рады па справах эмігрантаў і падарожнікаў, служачыя цыркаў і лунапаркаў жадаюць
прымаць удзел у місіі Касцёла, які “крочыць разам з усім чалавецтвам”.
Па словах
кіраўніка ватыканскай дыкастэрыі, свет цырка шматлікі і напоўнены пазітыўнымі каштоўнасцямі;
ён з дапамогай мастацкай прыгажосці ўзбагачае сусветнае грамадства. “Мяркуецца, што
толькі ў краінах Еўрапейскага Саюза існуе каля 600-1000 цыркаў. На цэлым свеце мільёны
асоб працуюць у цырках і лунапарках, сезонных ці пастаянных”, - паведаміў іерарх.
Італьянскі пурпурат адзначыў, што адкрытасць, з якой Папа згадзіўся прыняць цыркавых
пілігрымаў, з’яўляецца “гістарычнай”, бо пацвярджае ўвагу і блізкасць Касцёла да гэтага
адмысловага свету. “Гэта знак павагі і ўдзячнасці грамадскім, культурным і мастацкім
каштоўнасцям, якія цырк ахвяруе чалавецтву”, - сказаў кардынал Вэльё і дадаў, што
сустрэча з Папам з’яўляецца нагодай , каб заклікаць усе касцёльныя інстытуты звярнуць
увагу на вялікі свет цыркаў і лунапаркаў.