2012-11-28 11:42:47

Ад Езуса Хрыста трэба вучыцца абвяшчаць Евангелле


RealAudioMP3 Як казаць аб Богу у наш час? Адказу на гэта пытанне Бэнэдыкт XVI прысвяціў сваю катэхезу, прамоўленую падчас агульнай аўдыенцыі 28 лістапада. Папа нагадаў, што гэта пытанне таксама ставіў перад сваімі вучнямі Езус Хрыстус: “З чым параўнаем Божае Валадарства? Ці ў якой прыпавесці выявім яго?”, - пытаўся ён. Святы Айцец падкрэсліў: каб адказаць на гэта пытанне, неабходна “углядацца ў тое, як сам Бог дзейнічаў у гісторыі, бо Ён асабіста ўвайшоў у адносіны з чалавекам, больш за тое, Ён сведчыў аб самім сабе аж да ўцелаўлення”.Паводле Бэнэдыкта XVI, каб казаць аб Богу “трэба перш за ўсё вельмі добра разумець тое, што мы павінны прынесці мужчынам і жанчынам нашага часу, а менавіта, Бога Езуса Хрыста, як адказ на фундаментальныя пытанні аб тым, для чаго і як жыць”. “Таму, размовы аб Богу патрабуюць пастаяннага ўзросту веры, блізкасці з Езусам і Яго Евангеллем, глыбокага ведання Бога і моцнай адданасці Яго плану збаўлення, не паддаючыся спакусе дасягнення вялікага поспеху, але наследуючы метады Бога – уцелаўленне ў простым доме ў Назарэце і бэтлеемскай пячоры, прыпавесць аб гарчычным зярнятку. Трэба не баяцца маленькіх крокаў і давяраць зачыну, які пранікае ў цеста і таямнічым спосабам яго павялічвае”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI нагадаў аб прыкладзе св. Паўла, які не сведчыў аб самім сабе, але пераадольваў вялікія дыстанцыі з адзіным жаданнем – абвяшчаць Хрыста ўкрыжаванага, крыніцу збаўлення, які заваяваў яго на дарозе ў Дамаск. “Перадаваць веру, для св. Паўла, не азначала несці самаго сябе, але адкрыта і публічна казаць аб тым, што бачыў і чуў падчас сустрэчы з Хрыстом, што перажыў у сваім жыцці, змененым гэтай сустрэчай”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Паводле Пантыфіка, чым больш мы будзем ставіць у цэнтр Бога, а не нас саміх, тым больш наша камунікацыя будзе плённай. Папа падкрэсліў, што евангелізацыя адбываецца праз сведчанне аб дзейнасці Бога: “хрысціянскія супольнасці пакліканы да таго, каб паказаць перамяняючую дзейнасць Божай ласкі, пераўзыходзячы індывідуалізм, закрытасць, эгаізм, абыякавасць і жывучы штодзённымі адносінамі з Богам. Ці сапраўды нашы супольнасці такія?”, - спытаўся Папа.

Таксама Святы Айцец нагадаў, як абвяшчаў сам Езус. “Езус казаў аб сваім Айцу – называючы яго Абба – і Божым Валадарстве, з позіркам поўным спачування пралемам і цяжкасцям чалавечага існавання (...) З Евангелляў мы бачым, што Езус цікавіўся кожнай чалавечай сітуацыяй, якую сустракаў, як уваходзіў у рэчаіснасць мужчын і жанчын свайго часу, з поўным даверам на дапамогу Айца. І вучні, якія жылі з Езусам, натоўпы, якія Яго сустракалі, бачылі Яго рэакцыю на самыя вялікія праблемы, бачылі, як Ён прапаведваў, як сябе паводзіў; бачылі ў Ім дзейнасць Святога Духа, дзейнасць Бога”, - адзначыў Папа.

Паводле Святога Айца, гэты стыль з’яўляецца “важным прыкладам для хрысціян”: “наш спосаб жыцця верай і любоўю становіцца сёння абвяшчэннем Бога, таму што праз жыццё, пражытае з Хрыстом, больш перакаўча паказваецца тое, што кажам словамі”. Бэнэдыкт XVI заклікаў быць больш уважлівымі да знакаў нашай эпохі, каб вылучаць патэнцыял, жаданні і перашкоды, якія сустракаюцца ў сучаснай культуры. Ён звярнуў увагу на распаўсюджанае жаданне праўдзівасці, гарачае імкненне да трансцэндэнтнасці, увагу да клопату аб стварэнні. Паводле Папы, неабходна без страху перадаваць тое, што дае вера ў Бога адносна гэтых жаданняў сучаснага чалавека.

Напрыканцы Пантыфік нагадаў, што прывілеяваным месцам для абвяшчэння Евангелля з’яўляецца сям’я. Ён заклікаў бацькоў заўсёды шукаць адпаведныя моманты, каб размаўляць аб веры і выхоўваць у сваіх дзецях крытычнае стаўленне да тых шматлікіх сітуацый, у якія яны могуць патрапіць. “Казаць аб Богу, азначае даць зразумець, словамі і ўчынкамі, што Бог – гэта не канкурэнт нашага жыцця, але, перш за ўсё яго, сапраўдны гарант, вялікі гарант велічы чалавечай асобы”, - звярнуў увагу Папа падчас сваёй катэхезы.








All the contents on this site are copyrighted ©.