2012-11-27 13:49:16

Італьянскі кардынал названы “Справядлівым сярод народаў свету”


RealAudioMP3 За выратаванне сотняў яўрэяў у 1943-44 гадах, былы арцыбіскуп Фларэнцыі кардынал Эліа Далла Коста, памерлы ў 1961 г., пасмяротна прызнаны іерусалімскім цэнтрам “Яд ва-Шэм” “Справядлівым сярод народаў свету”. Іерарх пасля нямецка-фашысцкай акупацыі Італіі, разам з прадстаўнікамі яўрэйскай супольнасці, выратаваў многіх італьянскія яўрэяў і яўрэйскіх ўцекачоў з Францыі і Югаславіі ад дэпартацыі. Так патлумачыў прадстаўнік ізраільскага мемарыялу Халакоста прысуджэнне кардыналу пачэснага звання.

Апрача таго, арцыбіскуп Фларэнцыі мабілізаваў свайго асабістага сакратара і дыяцэзіяльнае духавенства да пошуку прытулку для яўрэяў у мясцовых кляштарах. Ён граў “цэнтральную ролю ў арганізацыі і функцыянаванні разгалінаванай сеткі выратавання”, - паведаміў прадстаўнік “Яд ва-Шэм”. Часам кардынал Далла Коста размяшчаў яўрэйскіх бежанцаў непасрэдна ў сваім палацы. Калі ў снежні 1943 г. у выніку здрады большасць яўрэяў былі арыштаваны, адказнасць за іх ўкрыццё была ўскладзена ў асноўным на прадстаўнікоў Касцёла. Многія з іх заплацілі арыштамі і катаваннямі.

Далла Коста быў прызначаны арцыбіскупам Фларэнцыі ў 1931 г., а праз два гады яму была нададзена кардынальская годнасць. Падчас візіту Гітлера ў Фларэнцыю ў 1938 г., ён дэманстратыўна зачыніў вокны арцыбіскупскага палацу ў знак пратэсту і сам не прысутнічаў на мерапрыемстве. З 1981 г. трывае беатыфікацыйны працэс іерарха.







All the contents on this site are copyrighted ©.