2012-11-26 12:11:10

Бэнэдыкт XVI сустрэўся са сваякамі новых кардыналаў


RealAudioMP3 26 лістапада Бэнэдыкт XVI сустрэўся з новымі кардыналамі, членамі іх сем’яў, а таксама вернікамі, якія прыбылі ў Вечны Горад, каб раздзяліць радасць прыняцця кардынальскай годнасці са сваімі іерархамі. Да прысутных у Зале Паўла VI у Ватыкане Папа звярнуўся на мовах паходжання пурпуратаў. Гаворачы па-англійску, Святы Айцец нагадаў, што кардыналы, працуючы ў Рымскай курыі, а таксама ў мясцовых Касцёлах ва ўсім свеце, пакліканы асаблівым чынам падтрымліваць Папу ў яго клопаце аб Паўсюдным Касцёле. “Яркія колеры вопраткі традыцыйна сведчаць аб іх гатоўнасці бараніць Хрыстовы статак, аж да праліцця крыві”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI. Ён падкрэсліў, што новыя кардыналы прымаюць на сябе вялікую адказнасць, бо іх місія заключаецца ў спрыянні большай святасці свету і адзінству Касцёла. Звяртаючыся да франкамоўных кардыналаў і гасцей, які ў першую чаргу прыбылі з Блізкага Усходу, каб падтрымаць мараніцкага Патрыярха, кардынала Бутраса Раі, Святы Айцец нагадаў аб сваім нядаўнім візіце ў Ліван і падпісанні паслясінадальнай адгартацыі “Ecclesia in Medio Oriente”. Пантыфік заклікаў кардынала Раі заахвочваць хрысціян не пакідаць гэты рэгіён і спрыяць міру ў ім. Папа адзначыў, што сапраўдная згода тут можа наступіць, калі прадстаўнікі розных веравызнанняў і культур будуць паважаць адно аднаго.

Вітаючы іспанамоўных пілігрымаў з Калумбіі, якія прыбылі, каб раздзяліць радасць прыняцця кардынальскай годнасці з арцыбіскупам Багаты Рубэнам Саласарам Гомесам, Папа заклікаў іх горача маліцца за свайго іерарха, каб ён заставаўся сапраўдным сведкам Евангелля збаўлення, праўды і веры.

Напрыканцы сваёй прамовы Папа яшчэ раз павіншаваў новых кардыналаў і выказаў сваё спадзяванне на іх малітву і дапамогу.








All the contents on this site are copyrighted ©.