2012-11-25 14:21:20

Папа перад “Анёл Панскі”: Бог працягвае будаваць сваё Валадарства любові (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Святы Айцец прысвяціў сваё разважанне перад малітвай “Анёл Панскі” 25 лістапада сэнсу Божага Валадарства і ролі вернікаў у яго пабудове. Пантыфік заахвоціў сабраных на плошчы св. Пятра да малітвы за новых кардыналаў, якім учора ўручыў сімвалы іх годнасці, а сёння адправіў разам з імі св. Імшу у ватыканскай базыліцы. “Сёння Касцёл святкуе ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. - нагадаў Папа - Гэта ўрачыстасць адзначаецца ў канцы літургічнага года і заключае ў сабе таямніцу Езуса “першароднага сярод памерлых і валадара ўсіх моцных зямлі”, кіруючы нашы погляды на поўнае ажыццяўленне Божага Валадарства, калі Бог будзе ўсё ва ўсім (1 Кар, 15,28). Св. Кірыл Ерузалемскі кажа: “Мы абвяшчаем не толькі першае прыйсце Хрыста, але таксама і другое, значна больш прыгожае, чым першае. Першае, звеставала цярпенне, другое ж прынясе дыядэму Боскага валадарання. Падчас першага прыйсця... прыйшоў і цярпеў крыж, не зважаючы на яго ганьбу, але прыйдзе другі раз у поўні хвалы сярод мноства анёлаў” (Catechesis XV,1 Illuminandorum, De secundo Christi adventu: PG 33, 869 A). Уся місія Езуса і змест яго паслання заключаны ў абвяшчэнні Божага Валадарства і яго рэалізацыі ў асяроддзі людзей праз знакі і цуды. Але, - як нагадвае ІІ Ватыканскі Сабор - “перш за ўсё Валадарства выяўляецца ў асобе Хрыста” (Дагматычная Канстытуцыя “Lumen gentium”, 5), які ўстанавіў яго праз сваю смерць на крыжы і сваё ўваскрасенне, праз якое аб’яўляецца як Пан і Месія, і святар навекі. Гэта Валадарства Хрыста было даверана Касцёлу, які з’яўляецца яго “зачынам” і “пачаткам” і спаўняе заданне, абвяшчаць і распаўсюджваць яго сярод усіх народаў сілай Святога Духа (пар. там жа). У канцы часоў Пан перакажа Богу Айцу Валадарства і прадставіць яму ўсіх тых, хто жыў паводле запаведзі любові.

Дарагія браты, мы пакліканы пашырыць збаўчую справу Бога, навяртаючыся да Евангелля, рашуча ідучы за Валадаром, які прыйшоў не каб Яму служылі, але каб служыць і даць сведчанне праўдзе (пар. Мк 10,45, Ян 18,37 ). З гэтага пункту гледжання, я запрашаю ўсіх маліцца за шэсць новых кардыналаў, якіх я ўзвёў у гэту годнасць учора, каб Святы Дух ўмацаваў іх у веры і любові, і напоўніў іх сваімі дарамі, каб перажывалі свой новы абавязак, як новае прысвячэнне сябе Хрысту і Яго Валадарству. Гэты новыя члены Калегіі кардыналаў цудоўна прадстаўляюць паўсюднае вымярэнне Касцёла: з’яўляюцца пастырамі Касцёлаў у Ліване, Індыі, Нігерыі, Калумбіі, на Філіпінах, а адзін з іх ужо шмат часу служыць у Апостальскай Сталіцы.

Будзем заклікаць Панну Марыю апекавацца кожным з іх і вернікамі даверанымі іх службе. Няхай Дзева Марыя дапамагае нам перажыць цяперашні час у чаканні вяртання Пана, моцна просячы Бога: “Няхай прыйдзе Валадарства Тваё”, і выконваючы ўчынкі святла, якое набліжае нас да неба, ведаючы, што падчас цяжкіх падзей гісторыі Бог працягвае будаваць сваё Валадарства любові”.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Бэнэдыкт XVI нагадаў, што 24 лістапада ў Макас адбылася беатыфікацыя Марыі Транкаці, законніцы, якая была медыцынскай сястрой падчас І Сусветнай вайны, а затым накіравалася ў Эквадор, каб евангелізаваць мясцовых жыхароў і несці ім агульначалавечыя каштоўнасці. Святы Айцец паведаміў таксама, што 1 снежня ўзначаліць урачыстыя Нешпары са студэнтамі рымскіх універсітэтаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.